Гарадзенскія памежнікі спынілі спробу незаконнага перасячэння мяжы на чыгуначным пункце пропуску «Горадня». Літаральна ў 15 метрах ад мяжы спынілі жанчыну, якая пераблытала кірунак і пайшла не ў той бок, паведамляе сайт Дзяржаўнага памежнага камітэту.
Парушальніка мяжы выявілі 13 сакавіка ўначы. На камеры відэаназірання памежнікі пабачылі сілуэт жанчыны, якая накіроўвалася з Польшчы ў Беларусь. Яе затрымалі ў 15 метрах ад мяжы. Грамадзянка Польшчы распавяла, што вырашыла пайсці дадому з польскага гораду Кузніца пешшу. Каб не заблукаць, жанчына пайшла ўздоўж чыгункі, але пры гэтым яна памылілася з напрамкам.
Памежнікі распачалі адміністрацыйны працэс. За памылку грамадзянцы Польшчы пагражае дэпартацыя і забарона ўезду ў Беларусь да 5 гадоў.
СК belsat.eu