Грамадзянін Кандрусевіч. Ператварэнне каталіка ў пратэстанта

Беларускія ўлады ў чарговы раз наступілі на граблі. На радзіму не дапусцілі кіраўніка другой па колькасці хрысціянскай канфесіі Беларусі – мітрапаліта рымска-каталіцкай царквы Тадэвуша Кандрусевіча.

Пра тое, што Тадэвуш Кандрусевіч з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, напісалі ўжо практычна ўсе медыі. Гэта сапраўды беспрэцэдэнтны выпадак, не прадугледжаны ніводнай нормай беларускага заканадаўства: не пускаць грамадзяніна краіны, які вяртаецца ў краіну. Да гэтага часу памежныя войскі ніяк не былі задзейнічаныя ў бягучым унутрыпалітычным канфлікце. Зараз іх задзейнічалі, прычым самым ідыёцкім спосабам.

Фота: ТК / «Белсат»

Каталіцкай царкве не прывыкаць. З часоў паўстання 1863 года яе актыўна абвінавачвалі ў нелаяльнасці да ўладаў Расейскай імперыі. Мураўёў (той самы, Віленскі) проста канфірмаваў смяротны прысуд цэлай групы ксяндзоў (спачатку дваіх, потым яшчэ некалькіх, якія зачытвалі па касцёлах маніфест рэвалюцыйнага ўраду). Варшаўскага ж мітрапаліта Зыгмунта Шчэнснага Фелінскага выслалі ў Яраслаўль, дзе ён знаходзіўся да канца валадарання Аляксандра ІІ. І толькі новы імператар, калі яму спатрэбілася аднавіць адносіны з Ватыканам, дазволіў яму з’ехаць.

Яшчэ адзін прыклад. Папа Рымскі Францыск узначальвае царкву, якая ведала ганенні і ў ХХ стагоддзі. Сам кардынал Хорхэ Марыа Берголья, які ўзначальваў кафедру ў Аргенціне, верагодна, павінен быў адчуваць маральную адказнасць за выкраданне хунтай у 1976 годзе двух нелаяльных святароў. Гэта не азначае, што ён быў вінаваты, але ён не змог перадухіліць гэтае злачынства. З тых часоў Яго святасць дакладна ведае, што свецкая ўлада можа быць злачыннай. І што маўклівае бяздзеянне падчас такіх злачынстваў падобна саўдзелу.

Фота: ТК / «Белсат»

За што фактычна выганяецца са сваёй Радзімы грамадзянін Кандрусевіч? За выкананне пастырскага доўгу. Святар, а тым больш – царкоўны іерарх, не можа быць безуважным да хлусні і гвалту. У сітуацыі, якая склалася пасля 9 жніўня, беларуская хунта рэальна прадэманстравала, што хлусня і гвалт з’яўляюцца яе галоўнымі інструментамі. І ў хвіліны жорсткага супрацьстаяння каталіцкія храмы далі прытулак тым, каго спрабавалі збіць салдаты хунты. Калі б святары, якія давалі абет служэння людзям, паступілі інакш, я б іх не зразумеў. Не зразумелі б іх і іх прыхаджане. Але галоўнае – іх не зразумеў бы Бог.

Меркаванні
Ад’езд уладыкі
2020.08.25 22:58

Некалькі раней Беларусь пакінуў мітрапаліт Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, глава беларускіх праваслаўных. Я ўжо пісаў пра гэта. Скажу толькі, што для мяне было важна даведацца, што кіраўнік найбуйнейшай рэлігійнай канфесіі краіны наведаў збітых і скалечаных АМАПам у больніцы, тым самым таксама асудзіўшы гвалт і хлусню.

Паўла, як я магу здагадвацца, вымусілі з’ехаць.

Тадэвуша Кандрусевіча, як мы ўсе бачылі, не пусцілі на радзіму.

Я мог бы сказаць: людзі, якія так паступаюць са святарамі, якія выконваюць свой доўг, не вераць у Бога. Але мы ўсе і так гэта ведаем.

Скажу толькі, што здарыўся чарговы цуд: за содні – ды што там, за тры гадзіны! – каталікі Беларусі ператварыліся ў пратэстантаў. Не ў тым сэнсе, што яны сышлі з лону рымска-каталіцкай і грэка-каталіцкай царквы. Але проста, на мой погляд, яны канчаткова пераканаліся: нельга маліцца за цара Ірада. А паколькі малітву супраць яго Бог не пачуе, застаецца адно выйсце – пратэст.

Мірны грамадзянскі пратэст.

Фота: ТК / «Белсат»

На Майдане 2013-2014 года святары ўсіх канфесіяў занялі месца паміж супрацьстаялымі бакамі і маліліся за мір і спакой ва Украіне. Гэта была адзіная форма пратэсту, якая дапушчальная для пастыра душ нашых.

Але яны таксама давалі прытулак параненым і збітым. У некалькіх храмах былі адкрытыя шпіталі. І параненыя беркутаўцы ляжалі там побач з тымі, каго яны збівалі і ў каго яны стралялі.

Маліцеся за ўсіх нас і за мір у нашай краіне, нашых дамах, нашых душах, тыя, хто выбраў гэтае служэнне сэнсам свайго жыцця. І так вам не прыйдзецца адкрываць шпіталь у вашых храмах.

Фота: ТК / «Белсат»

Аляксандр Фядута/ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў