Грамадзянаў Шры-Ланкі хацелі незаконна пераправіць з Беларусі ў Літву


У памежным пункце “Катлоўка-Лаварышкес” супрацоўнікі памежнай службы Літвы арыштавалі 14 незаконных мігрантаў з Шры-Ланкі, якія знаходзіліся ў прычэпе цяжкавіка.

Цяжкавік Scania з прычэпам на расейскіх нумарах прыехаў на памежны пункт. 49-гадовы грамадзянін Расеі вёз у прычэпе груз, які выклікаў падазрэнне ў памежнікаў і мытнікаў, таму было вырашана адправіць машыну на дэталёвы дагляд. Супрацоўнікі мытні кажуць, што падчас рэнтгену яны заўважылі некалькі чалавечых сілуэтаў і падумалі, што ў прычэпе вязуць манекены. Калі ж прычэп больш пільна даглядзелі, то знайшлі там людзей.

Мігранты расказалі, што хацелі трапіць у Еўропу. Яны некалькі дзён знаходзіліся ў прычэпе, у іх былі пры сабе асабістыя рэчы, падчас паездкі яны выкарыстоўвалі падгузнікі.

Грамадзянам Шры-Ланкі пагражае штраф, арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў. Кіроўца ж можна быць пазбаўлены волі на 8 гадоў.

ГА, belsat.eu

 

Стужка навінаў