Грамады, сеймікі і думы. Каго абіраюць на мясцовых выбарах суседзі Беларусі


Менш чым праз тры тыдні, 18 лютага, у Беларусі адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Традыцыйна гэтая палітычная кампанія праходзіць дастаткова млява і яе вынікі ў беларускіх рэаліях мала на што ўплываюць. Belsat.eu разбіраецца, каго выбіраюць на мясцовых выбарах суседзі Беларусі, як функцыянуе іх сістэмы самакіравання і чым яны адрозніваюцца ад беларускай.

Украіна

Фота – © Ovsyannikova Yulia/Ukrinform

Пасля Еўрамайдану ва Украіне распачалася рэформа, якая прадугледжвае стварэнне сістэмы мясцовага самакіравання паводле еўрапейскага узору.

Раней на мясцовых (або рэгіянальных) выбарах ва Украіне абіралі сельскія, пасялковыя, раённыя, гарадскія і абласныя рады. Гэтак сама як і ў Беларусі. Цяпер ва Украіне ствараюцца аб’яднаныя тэрытарыяльныя грамады (АТГ), якія ўключаюць у сябе шэраг мясцовых радаў і атрымліваюць пашыраныя фінансавая магчымасці. Сэнс цалкам зразумелы: складаныя інфраструктурныя праекты сельская рада самастойна не рэалізуе – толькі ў саюзе з іншымі. Але аб’яднанне мусіць ісці знізу, таму рэалізацыя рэформы зацягваецца.

Праўда, і да пачатку гэтай рэформы паўнамоцтвы мясцовых радаў былі не параўнальныя з паўнамоцтвамі беларускіх саветаў. Нагадаем, у Беларусі мясцовыя саветы не маюць уласных выканаўчых органаў і наогул не маюць магчымасці ўплываць на выканаўчую ўладу. Ва Украіне ўсё наадварот: сель- і гарсаветы ствараюць уласныя выканаўчыя органы, якія ім і падкантрольныя, і падсправаздачныя. Рады могуць здымаць мясцовых кіраўнікоў выканаўчых органаў, адмяняць іх рашэнні і вызначаць бюджэт органаў, засноўваць СМІ, выпускаць мясцовыя пазыкі і нават падымаць пытанне аб адхіленні ад пасады кіраўнікоў мясцовых праваахоўных органаў (арт. 26 закона «Аб мясцовым самакіраванні ва Украіне»). Да таго ж украінцы на выбарах абіраюць мэраў гарадоў, чаго ў Беларусі ў прынцыпе не існуе.

Але кіраўнікоў абласцей (старшыні дзяржаўных адміністрацыяў) ва Украіне ўсё ж прызначае прэзідэнт. Аблрада можа вынесці вотум недаверу губернатару, але ж канчатковае рашэнне застанецца за кіраўніком краіны.

Рэформа мясцовага самакіравання таксама закранула выбарчую сістэму. Замест мажарытарнай (як у Беларусі) у гарадах з насельніцтвам больш за 90 тыс. чалавек была ўведзена прапарцыянальная сістэма. Паводле новай выбарчай сістэмы выбарнік адначасова галасуе за кандыдата у сваёй выбарчай акрузе і за партыю, якую ён прадстаўляе. Партыі, якія атрымліваюць больш за 5% галасоў, трапляюць у мясцовыя рады і фармуюць там свае фракцыі.

Фота – REUTERS/Valentyn Ogirenko

Парога яўкі ва Украіне няма. На мясцовых выбарах 2015 года прагаласавалі 46,6% выбарнікаў, а ў 2017 годзе – 48,2% – і гэта нармальны паказнік для краіны, дзе адміністратыўны рэсурс для падвышэння яўкі не выкарыстоўваецца. У Беларусі, нагадаем, на мясцовых выбарах 2014 года, паводле дадзеных ЦВК, яўка склала 77,3% выбарнікаў – анамальна высокая лічба для еўрапейскай дзяржавы. У той жа Польшчы на мясцовых выбарах 2014 года яўка склала 46%.

Польшча

Праводзячы рэформу мясцовага самакіравання Украіна шмат у чым арыентавалася на досвед Польшчы, якая правяла свае рэформы яшчэ ў 90-х.

Сістэма самакіравання ў Польшчы падзяляецца на:

– рады гмінаў (аналаг беларускіх сель- і гарсаветаў);

– рады паветаў (аналаг райсаветаў);

– сеймікі ваяводстваў (аналаг аблсаветаў).

Але аналогія тут выключна адміністратыўна-тэрытарыальная, бо паўнамоцтва польскіх органаў самакіравання і беларускіх мясцовых саветаў – непараўнальныя.

«Вертыкаль улады» ў польскім ваяводстве прадстаўляе ваявода, аднак яго магчымасці значна ніжэйшыя за магчымасці беларускіх старшыняў аблвыканкамаў – у мясцовыя справы ён амаль не ўмешваецца. Ваявода адказвае толькі за агульнанацыянальныя праграмы і праекты ў рэгіёне, а таксама кантралюе выкананне заканадаўства краіны на рэгіянальным узроўні. У кожным ваяводстве на 4 гады абіраецца сеймік (аналаг аблсавету), які ў сваю чаргу абірае праўленне з 5 чалавекаў. На чале сейміка – старшыня, на чале праўлення – маршалак, якога прызначае сеймік. Менавіта сеймікі і іх выканаўчыя органы вызначаюць палітыку рэгіёну – ад мясцовых фінансаў і гандлю да адукацыі.

Фактычна гміны і паветы абсалютна фінансава незалежныя ад цэнтральнай улады, яны прымаюць мясцовыя законы і вырашаюць усе адміністрацыйныя пытанні іх жыхароў. Цэнтральная ўлада не мае права ўмешвацца ў мясцовы бюджэт. Рады гмінаў і паветаў кантралююць мясцовую сістэму адукацыі, транспарт, ахову здароўя, лакальную інфраструктуру і нават уласныя органы па ахове грамадскага парадку.

Фота – Wojciech Koziol

Падчас мясцовых выбараў палякі абіраюць раду гміну, раду павета і сеймік ваяводства, якія ў сваю чаргу фармуюць уласныя выканаўчыя органы. На наўпроставых выбарах палякі таксама абіраюць мэраў гарадоў.

То бок у Польшчы, у адрозненні ад Беларусі, уся сістэма мясцовай улады самадастатковая і абіраецца на выбарах, а не прызначаецца кіраўніком дзяржавы.

Літва

У Літве існуе толькі адзін узровень мясцовага самакіравання – муніцыпалітэты (гарадскія і раённыя рады), якія ў сваю чаргу да 2014 года абіралі кіраўніка мясцовых выканаўчых органаў (чатыры гады таму былі ўведзены наўпроставыя выбары мэраў).

Фота – REUTERS/Ints Kalnins

Муніцыпальныя выбары ў Літве адбываюцца паводле прапарцыйный сістэмы. Вылучаць кандыдатаў маюць права палітычныя партыі, арганізацыі і кааліцыі, прычым існуе працэнтны бар’ер – партыя мусіць набраць не менш за 4% галасоў. Мясцовыя рады маюць вялікую фінансавую незалежнасць і шырокія паўнамоцтва. Мясцовыя адміністрацыі – пададказныя радам.

Сістэма мясцовага кіравання і самакіравання ў Літве лічыцца вельмі эфектыўнай. Паводле сацыялагічных даследаванняў, літоўцы нават больш давяраюць муніцыпальным органам, чым цэнтральнаму ўраду.

Расея

Фота – Alexander Demianchuk/TASS

Фармальна паўнамоцтвы мясцовых органаў у Расеі больш шырокія, чым у Беларусі. Напрыклад, Масгардума – гэта паўнавартасны заканадаўчы орган, які не толькі прымае законы ў межах расейскай сталіцы, але таксама мае права заканадаўчай ініцыятывы ў Дзярждуме, прызначае міравых суддзяў і можа выносіць вотум недаверу мэру. Нічога падобнага сярод паўнамоцтваў Менгарсавету нават блізка няма

Аднак да еўрапейскіх стандартаў Расеі далёка: бюджэтныя і падаткавыя законы, прынятыя падчас кіравання Уладзіміра Пуціна, максімальна абмяжоўваюць магчымасці мясцовых органаў кіравання і самакіравання. Плюс да таго – выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу, кантроль над выбарчай сістэмай і СМІ зводзяць да мінімуму верагоднасць таго, каб у мясцовыя думы (саветы або сходы) трапілі праціўнікі цэнтральнай улады.

Тое ж самае тычацца і мясцовай выканаўчай улады. Зноў жа фармальна ў Расеі існуюць выбары мэраў гарадоў і губернатараў асобных суб’ектаў федэрацыі (чаго няма ў Беларусі). Аднак, па-першае, кіраўнікоў рэгіёнаў выбіраюць не паўсюль, у кожным рэгіёну дзейнічаюць свае асаблівасці: напрыклад, у паўночнакаўказскіх суб’ектах РФ (у адрозненні ад Томскай ці Яраслаўскай абласцей) не існуе наўпроставых выбараў кіраўнікоў рэгіёну. Па-другое, кіраўнікоў суб’ектаў РФ Пуцін можа адпраўляць у адстаўку асабістым рашэннем. Таму на практыцы сітуацыя з мясцовым самакіраваннем і вертыкаллю ўлады ў Расеі прынцыпова не адрозніваецца ад Беларусі.

 

ІІ, belsat.eu

 

Стужка навінаў