Грамадства чакае агульнага плану перамогі рэвалюцыі – сацыёлаг Аксана Шэлест


Аксана Шэлест

Беларускае грамадства паўстала, яно самаарганізаванае і дэцэнтралізаванае, аднак у ім расце запыт на агульны план перамогі і пераўтварэння беларускай дзяржавы, сказала падчас Менскага Форуму сацыёлаг Цэнтру еўрапейскае трансфармацыі Аксана Шэлест.

Падзеі 2020 года ў Беларусі маюць за прычыну тое, што беларускае грамадства ідзе наперад, а ўлады стаяць на месцы і дэградуюць, мяркуе яна.

«Правільней за ўсё гэта называць «рэвалюцыяй развіцця»… Калі дзяржаўная сістэма пайшла па шляху стагнацыі, то грамадскія працэсы рухаліся ў зусім іншым накірунку – эмансіпацыі, пераадолення патэрналізму», – сказала спадарыня Шэлест.

Пры гэтым у Беларусі яна адзначыла вялікую слабасць усіх палітычных інстытутаў, бо рэжым свядома знішчаў палітычнае поле. Таму беларуская рэвалюцыя развівалася як самаарганізаваны дэцэнтралізаваны працэс, у якім галоўны актор – цывільнае грамадства.

Грамадства патрабуе радыкальных пераменаў беларускай дзяржаўнасці, «гэта фактычна патрабаванні перазаснавання дзяржавы».

«Але мы не маем ніякай каардынацыі і агульнага плану. Новае палітычнае кіраўніцтва хутчэй ідзе за пратэстамі, а не задае іхны вектар. Гэта робіцца праблемай… Расце запыт на каардынацыю, на дарожную мапу, якая будзе апісваць наш рух да перамогі ў гэтай рэвалюцыі», – лічыць Аксана Шэлест.

Спадарыня Шэлест сказала, што ведае толькі 2 такія сцэнары – Народнага антыкрызіснага кіравання і філосафа Уладзіміра Мацкевіча.«Але гэтыя прапановы застаюцца без шырокага абмеркавання і крытыкі. Мне здаецца, што гэта важнейшы базавы момант працы, які дазволіць паўстанцкаму цывільнаму грамадства рухацца больш кансалідавана і выходзіць з палітычнага тупіка», – заключыла сацыёлаг.

«Белсат» у гэтым годзе ўдзельнічае ў Форуме ў якасці інфармацыйнага партнёра.

Стужка навінаў