Грамадскія арганізацыі Беларусі назвалі топ-10 асобаў і падзеяў 2018 года


Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый назвала лаўрэатаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці». Журы вызначыла 10 самых важных і яркіх асобаў, кампаніяў, ініцыятыў ды падзеяў за 2018 годзе.

У намінацыі «Лідар года» пераможцам стаў Павел Белавус – за арганізацыю святкавання 100-годзя БНР («Свята незалежнасці»).

Журналісткай года прызналі карэспандэнтку БелаПАН Таццяну Каравянкову.

У намінацыі самая значная «Рэгіянальная падзея» з вялікім адрывам перамагла кампанія супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці.

Лепшай новай ініцыятывай па выніках галасавання журы быў прызнаны Універсітэт імя Ніла Гілевіча.

За найлепшую медыяактыўнасць году журы адзначыла кароткія ролікі ў сацсетках і перадача «Мова пра мову» Вінцука Вячоркі.

Найлепшай грамадскай кампаніяй года стала кампанія па адзначэнні 100-годдзя БНР.

Кааліцыйная праца праваабарончых НДА Беларусі пры падрыхтоўцы дакладу для КПЧ ААН была прызнана найлепшым партнёрствам году.

У намінацыі «Крэатыў году» перамагла бацькоўская ініцыятыва «Дзеткі-кветкі», якая ў мінулым годзе правяла грамадскі маніторынг моўнага статусу 106 дзіцячых садкоў у Менску.

У намінацыі «Талака году» за найбольш паспяховае далучэнне да грамадскай актыўнасці людзей праз краўдфандынг перамагла пляцоўка «Талака».

Антрыпрэмію «Гарбуз» году, якая ўручаецца за негатыўныя дзеянні ў дачыненні да арганізацыяў грамадзянскай супольнасці ды іх прадстаўнікоў, атрымала агенцтва БелТА – віноўнік «справы БелТА».

ІІ, belsat.eu, паводле spring96.org

Стужка навінаў