Грамадскі актывіст Станіслаў Паўлінковіч атрымаў 2 гады хіміі за абразу суддзі


Пастанова ў сілу не ўступіла, у Паўлінковіча ёсць час абскардзіць вырак.

Станіслаў Паўлінковіч, грамадскі актывіст у Магілёве, на судзе 29 кастрычніка цалкам прызнаў сваю віну і патлумачыў, што «быў на эмоцыях». 21 траўня суддзя Аксана Ратнікава пакарала яго чарговымі соднямі за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і штрафам за абразу службовай асобы. Тады сваёй віны Станіслаў не прызнаў і быў абураны прысудам, з-за чаго і непрыгожа выказаўся.

Цяпер Паўлінковіч тлумачыць, што ягоныя словы былі накіраваны не канкрэтна да суддзі Ратнікавай, а да ўсёй сістэмы ў цэлым. На думку Паўлінковіча, яго пераследуюць па палітычных матывах, а незалежных судоў у Беларусі не існуе.

«Я лічу, што крымінальная справа супраць мяне – гэта празмерна жорстка і неабгрунтавана. Я не зрабіў нічога небяспечнага для грамадства, каб мяне закрываць. За гэты ж самы ўчынак – абразу суддзі – існуе і адміністратыўная адказнасць. Паколькі сваёй віны я не адмаўляю, то лічу, што і судзіць мяне мусілі паводле адміністрацыйнага, а не крымінальнага кодэксу», – заявіў Паўлінковіч у сваім апошнім слове.

Суддзя суду Магілёўскага раёну Максім Курпачанка пастанавіў адправіць Паўлінковіча на 2 гады ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў