Грамадская актывістка з Таджыкістану: Мяне збілі ў беларускім часовым ізалятары


Абаронца правоў жанчын Шабнам Худайдодава распавяла «Белсату», як уцякала ад пераследу уладаў Таджыкістану і як яе прынялі ў Беларусі.

Таджыкская актывістка Шабнам Худайдодава крытычна выказвалася на «Фэйсбуку» пра прэзідэнта Таджыкістану Эмамамлі Рахмона, які не дбае пра тое, каб палепшыць становішча жанчын у краіне. У адказ на гэта ўлады Таджыкістану назвалі яе лідаркаю тэрарыстычнай групы, звязанай з «Ісламскай дзяржаваю», хоць Шабнам нават не лічыць сябе рэлігійным чалавекам і не прыкрывае валасоў. У віну ёй паставілі таксама ўзняты ў сацсетках розгалас.

«Я проста ў «Фэйсбуку» крытыкавала і ўсё. Я нават сама не ведаю, адкуль яны знайшлі такі артыкул, абвінавачвалі мяне ў тэрарызме, экстрэмізме. Я сама не ведаю, адкуль гэта», – тлумачыць актывістка.

Актывістка пастанавіла ўцякаць з Расеі, дзе жыла апошнія гады, на Захад. У Беларусі ж яе затрымалі і цягам 9 месяцаў пратрымалі ў СІЗА ў Берасці.

«Мяне затрымалі беларускія памежнікі, пазней арыштавалі. Потым змясцілі ў часовы ізалятар на 4 дні. Тады да мяне ў камеру зайшлі працаўнікі КДБ з Таджыкістану. Пачалі мяне пытаць, збілі. Самае цікавае, што ў Беларусі яны маюць доступ», – распавяла актывістка.

За кратамі таджыкская актывістка напісала хадайніцтва да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, каб ейная экстрадыцыя была прыпыненая. Яна папрасіла таксама сваю сястру паінфармаваць пра ейны арышт кіраўніцу Асацыяцыі па правах чалавека ў Цэнтральнай Азіі Надзею Атаеву. Спадарыня Атаева ў сваю чаргу скіравала заяву Шабнам Худайдодавай ва Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў. Прадстаўнік ААН наведаў актывістку ды паведаміў пра яе міжнародным арганізацыям, амерыканскім праваабаронцам і дыпламатам. Дзякуючы заступніцтву міжнародных арганізацыяў актывістку вызвалілі ў лютым 2016 года. Яна змагла выехаць у Польшчу, дзе цяпер і жыве.

У Таджыкістане актывістку чакае смяротнае пакаранне альбо 20 гадоў зняволення.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў