Госці ЧС па футболе будуць ездзіць аўтобусамі МАЗ


Напярэдадні Чэмпіянату Свету па футболе 2018 года казанскія аўтатранспартныя прадпрыемствы атрымалі партыю з 94 новых аўтобусаў «МАЗ 203» з нізкай падлогаю і рухавіком, які адказвае экалагічнаму стандарту Еўра-5.

25 траўня мэр Казані Ільсур Метшын і кіраўнік казанскага аддзялення Амбасады Беларусі ў Расеі Алег Ісаеў агледзелі новыя аўтобусы на плошчы Тысячагоддзя.

На знак супрацы паміж дзвюма краінамі прадстаўнікі амбасады і Менскага аўтамабільнага заводу ўручылі Ільсуру Метшыну (у цэнтры) сімвалічны ключ ад новых аўтобусаў. Фота – Амбасады Беларусі ў Расеі

«Я хачу падзякаваць, перш за ўсё, нашых беларускіх партнёраў за супрацу, якая вылілася ў такую ​​доўгатэрміновую праграму. 11 гадоў таму мы набылі 50 «МАЗаў», і тыя аўтобусы ўсцяж сустракаем на дарогах. Цяпер гэта ўжо твар нашага грамадскага транспарту. Самае галоўнае, каб быў задаволены наш пасажыр, – заявіў мэр Казані. – Гэта зусім новы стандарт якасці абслугоўвання. Мы за тое, каб у Казані прыярытэт аддаваўся грамадскаму транспарту, а гэта магчыма толькі калі ён будзе адпавядаць самым высокім стандартам».

Старонка беларускай амбасады ў Расеі падае, што «МАЗы-203» маюць нізкую падлогу, раскладаны пандус для вазочнікаў, больш мяккія сядзенні і палепшаную сістэму вентыляцыі. У новай мадэлі павялічаныя фортачкі вокнаў, ён мае рухавік Mercedes.

«Чэмпіянат скончыцца, госці з’едуць, а аўтобусы застануцца жыхарам і гасцям гораду», – дадаў Ільсур Метшын.

Пазалетась Казань набыла 108 менскіх аўтобусаў. Сёлета агулам горад набудзе яшчэ 139 дызельных «МАЗаў». Пасля гэтага аўтобусны парк Казані стане адным з самых новых у Расеі.

Казань – адзін з 11 гарадоў Расеі, дзе адбудуцца гульні Чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе з 14 чэрвеня па 15 ліпеня.

Згодна з апублікаванаму даследаванню рынку грузавых аўтамабіляў, Менскі аўтамабільны завод губляе пазіцыі ў Расеі. Калі летась, як і шмат гадоў да гэтага, МАЗ займаў на расейскім рынку 3-е месца па продажам (пасля КамАЗа і ГАЗа), то летась скаціўся на 6-е, прапусціўшы наперад Volvo, Scania і Mercedes.

ДД

Стужка навінаў