Горадня: гатэль на 4 зоркі насупраць турмы. Што не так?


У гістарычнай забудове Горадні вачам гараджанаў прадстаўлены вялікі будынак. У адных ён выклікае захапленне, у іншых спрэчкі. Гэта вялікі трохпавярховы дом прыблізна 1879 году, якому сёння нададзены рысы ранейшай эпохі. У ім будзе чатырохзоркавы гатэль.

У савецкія часы будынак страціў усе элементы дэкору, стаў выглядаць невыразна, у стылі «хрушчоўкі». Напачатку 2000-х яго прызналі аварыйным, пазней адсялілі жыхароў. І ён ніяк не выкарыстоўваўся. Пакуль яго не выкупіў прадпрымальнік Станіслаў Сямашка, якога ў горадзе называюць «чалавекам-гатэлем». Менавіта ён збудаваў у Горадні першы прыватны гатэль. Некаторы час Сямашка ўзначальваў афіцыйны Саюз палякаў.

Будынак стаіць насупраць турмы N1, якая дзвесце год знаходзіцца ў камяніцах былога езуіцкага калегіума.

Няма камяніцы – няма праблемы

У сценах гэтага дому некалі была выяўлена расколіна. У прэсе паявіліся паведамленні, што будынак разбяруць, а на яго месцы паявіцца аўтастаянка.

Сталічны архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік быў раней навуковым кіраўніком і займаўся аднаўленнем суседняга будынку, вядомага як дом Мураўёва. Уладальнік меў тады намер выкупіць будынкі побач, у тым ліку на Калючынскай. 23. Былі зроблены перадпраектныя прапрацоўкі. «Мы рабілі прапанову па ўсім квартале, каб яго цалкам аднавіць, – згадвае сёння спадар Гліннік. – Дом на Калючынскай сапраўды быў у кепскім тэхнічным стане. Расколіна была відавочная». Аднак магчымасць яго ўратаваць усё ж існавала, кажа ён.

Навошта столькі ляпніны?

Калі пачалася рэканструкцыя, на будаўнічым плоце вывесілі постары: гэтак будзе выглядаць камяніца ў будучыні. Аматараў архітэктуры выява ўразіла празмернай ляпнінаю, нечаканым выглядам. Гэта занадта шыкоўна, казалі яны, у Горадні такіх будынкаў не было. Тое, што дом, які маглі разбурыць, цяпер уратаваны, яны пад увагу не бралі.

У Вадзіма Глінніка праект спачатку таксама выклікаў непрыняцце. «Пытанне да дзяржавы: калі мы ахоўваем гістарычны цэнтр Горадні, то які статус гэтага будынку? Калі ён частка гістарычнага цэнтру, то ніякіх «кашуль», якія б выдатныя мэты не былі, дапускаць нельга. Бо гэта будзе фальсіфікацыя гістарычнага характару Горадні, – сцвярджаў ён. – Да жывога гораду трэба з павагай ставіцца. Як бы не падаваўся яго характар сціплым».

Сямашка камяніцай задаволены

Станіслаў Сямашка перакананы, што будынак упрыгожыць гістарычны цэнтр. Ён прызнаецца: «Гэты дом захаваў толькі мой напор, мая цягавітасць да любой справы. І я сябе не хвалю, народ хваліць. З дванаццаці чалавек, хто павіншаваў адразу, толькі два крышку засумняваліся. Гэты дом такі і быў, як я зрабіў. А далей трэба яшчэ папрацаваць, каб і ўнутры стварыць гісторыю».

Аднак цяпер некаторыя зайздросцяць, хаця дом доўга стаяў без гаспадара і ніхто не хацеў яго браць, нагадвае прадпрымальнік. Дарэчы, каб зліквідаваць расколіну ў сценах, ён не пашкадаваў грошай, працы. Паводле каштарысу, новы будынак можна было б зрабіць удвая танней, зазначае ён.

Хто аўтар праекту?

Праектаваў ён сам, кажа Станіслаў Сямашка, у яго ёсць свой праектны інстытут «Еўрапрэстыж». Але гэта рабілася сумесна з міністэрствам культуры: «Яно для мяне начальнік вышэйшы, чымсьці мясцовая ўлада, без іхнага дазволу нідзе не ступіш нават лішняга кроку. Усё гэта з імі ўзгоднена».

Гаспадар камяніцы на Калючынскай прызнаецца: ён змагаўся за іншы праект, каторы быў яшчэ амаль «старажытны». Але Міністэрства культуры адстаяла цяперашні варыянт, які гаспадару сёння таксама падабаецца.

Закончыць рэканструкцыю збіраецца ў верасні. Тое, што з вокнаў гатэлю будуць відны турэмныя пабудовы, Станіслава Сямашку не засмучае: «У мяне будуць тры паверхі на чатыры зоркі сучаснага апарт-гатэлю. Думаю, што ўсё атрымаецца. Утульна ўсё зраблю, і страху ў гэтым плане ў мяне няма».

Чаму існуюць праблемы з Горадняй?

Архітэктар Вадзім Гліннік больш стрымана ацэньвае цяпер новы выгляд дому ў Горадні на Калючынскай, 23: «Лепей выглядае, чым я меркаваў. Калі яны не будуць заляпляць дэкорам… Пакуль што гэта стрымалі напэўна. Бачна, што кампраміснае рашэнне: ён штосьці саступіў, нешта мінкульт«.

Тое, што будынак зрабілі крыху больш прыгожым, чым ён быў насамрэч – гэта мінус. «Таму што ў гэтай прастаце ёсць свая прыгажосць і праўда», – мяркуе Гліннік.

Адмысловец зазначае, што сёння няма выразнай палітыкі ў дачыненні гістарычнага цэнтру Горадні. «Бо гэта цэлы горад. І на вачах то адно знясуць, то другое разбяруць. Няма выразнай зразумелай палітыкі. Нібыта не ўяўляюць вартасць гэтага гораду тыя, хто прымае рашэнні».

Дом Станіслава Сямашкі – выразная дамінанта ў гістарычнай забудове. Гэткага заўважнага будынку больш няма. Магчыма, ён выглядае прыгажэйшым, чым быў пры пабудове. Аднак другая частка праўды: раней са старых камяніцаў рабілі хрушчоўкі, і ніхто не абураўся. (Звычайная фармулёўка для Горадні –«пасля капрамонту дэкор страчаны»). Прадпрымальнік зрабіў адваротнае. У гэтым казус. Але гаварыць, што тым самы груба парушаны сапраўдны выгляд гістарычнай забудовы – у пэўным сэнсе перабольшанне. А прычына ўсяго: неадназначнасць рэаліяў захавання гістарычнай забудовы.

У Горадні пры савецкай уладзе зруйнаваныя дзясяткі камяніц. На месцы многіх сёння – звычайныя шэрыя хрушчоўкі. Што да камяніцы на Калючынскай, 23, то яна просіцца на турыстычныя паштоўкі. А магла быць замест яе аўтастаянка.

Антон Кавалёў

Стужка навінаў