«Горадня Азот» – небяспечны і бескантрольны


Дзяржінспекцыя працы ад жніўня 2011 года не ладзіла а ні планавых, а ні пазапланавых правяранняў на хімічным прадпрыемстве «Горадня Азот». Гарадзенская пракуратура зазначае, што мясцовыя жыхары недастаткова праінфармаваныя аб стане экалагічнай і санітарнай бяспекі хімзаводу.

«Пакуль пярун не грымне, чалавек яму не паклоніцца»

get_img
Аварыя на “Азоце” 6 чэрвеня

За комплекснае правяранне прадпрыемства і кантроль тых, хто мае пільнаваць бяспеку на «Азоце» узяліся пасля трагедыі 6 чэрвеня. Тады ў выніку аварыі на хімзаводзе загінулі дзве асобы і яшчэ дзве трапілі ў рэанімацыю.

На наступны ж дзень афіцыйна – у межах працоўнага візіту на Гарадзеншчыну – на прадпрыемстве зʼявіўся старшыня Следчага камітэту Беларусі. Іван Наскевіч цікавіўся хадою расследавання крымінальнай справы, заведзенай з прычыны гібелі працаўнікоў. Галоўны следчы краіны сустрэўся з кіраўніцтвам прадпрыемства і старшынём аблвыканкаму.

«Галоўная задача для Следчага камітэту – знайсці тое звяно, якое ў ланцугу забеспячэння захадаў прамысловай бяспекі апынулася самым слабым», – заяівў Наскевіч у Горадні.

«Горадня Азот» – як іржавая міна ў полі?

Чарговая аварыя на "Азоце"
Чарговая аварыя на “Азоце”

Чуткі пра драматычны стан хімічнага прадпрыемства ходзяць у Горадні гадамі. Гэта пацвярджае нават Гарадзенская пракуратура, якая па выніках правяранне канстатуе «неналежнае інфармаванне аб стане экалагічнай і санітарнай бяспекі ў ААТ «Горадня Азот».

Мінула толькі 10 дзён са дня трагічнай аварыі, як здарылася чарговая: жыхары з ваколіцаў заўважылі, што над заводам зʼявілася жоўтае воблака. Прэс-служба прадпрыемства адмаўляла факт аварыі, замест гэтага прапаноўвала медыям туманную фармулёўку пра «загазаванасць некаторых вытворчых памяшканняў».

Журналісты «Белсату» спрабавалі высветліць, што гэта быў за газ, аднак намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Міхаіл Краўчанка паведаміў, што не зʼяўляецца адмыслоўцам-хімікам і не ведае складу газу. Начальніца санітарнай лабараторыі «Горадні-Азоту» Святлана Собаль адказала, што інфармацыя пра склад газу – канфідэнцыйная.

Хімічны гігант – бескантрольны

Следчы на месцы аварыі 6 чэрвеня
Следчы на месцы аварыі 6 чэрвеня

На «Горадня Азоце» працуе каля 8 тысячаў асобаў. Штодня працаўнікі маюць адчыненне з небяспечнай вытворчасцю, а аварыя на хімічным заводзе можа пагражаць усяму гораду.

Гарадзенская пракуратура прааналізавала матэрыялы МНС, «Горадняэнерга», матэрыялы расследавання аварыі 6 чэрвеня. Адмысловая камісія наведала прадпрыемства і вывучала арганізацыю працы ў цэхах з павышаным ўзроўнем кантролю бяспекі. Па выніках комплексанага правярання апынулася, што Дэпартамент дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны не праводзіла правяранні на хімзаводзе ад жніўня 2011 года.

«Самаўстраненне дадзенага кантрольнага органа ад выканання функцыянальных абавязкаў па захаванню патрабаванняў па ахове працы зʼяўляецца адной з умоваў, што паспрыяла здарэнню», – гаворыцца ў паведамленні пракуратуры пра вынікі правярання.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў