«Гонар даражэйшы»: Алексіевіч не звярталася да Лукашэнкі, каб вызваліцца ад падатку ў € 197 000


11 лютага пісьменніца распавяла «Белсату», што заплаціла з Нобэлеўскай прэміі € 197 000 падатку.

Раней меркавалася, што пісьменніцу вызваляць ад неабходнасці плаціць падаходны падатак. Летась Міністэрства падаткаў і збораў паведаміла, што вызваліць ад аплаты падатку можа толькі Аляксандр Лукашэнка, падпісаўшы адмысловы ўказ.

Падаходны падатак у Беларусі складае 13 %.

«Не, не звярталася. Гонар даражэйшы», – сказала svaboda.org адзіная ў Беларусі Нобэлеўская лаўрэатка.

Святлана Алексіевіч таксама паведаміла, што патраціла на дабрачыннасць каля $ 100 000.

«Я вялікую суму выдаткавала на дабрачыннасць, але, паводле нашага заканадаўства, гэта ня ўлічваецца ў падатак. Я адкрыла «Інтэлектуальны клуб», дапамагла некалькім маладым пісьменнікам у цяжкой сітуацыі, пастаралася многіх выручыць – у мяне каля $ 100 000 на гэта пайшло. Але я спадзявалася, што ўлада таксама павінна мець гонар, але яго, аказваецца, няма. А валяцца ў нагах у іх – гэта прыніжальна», – сказала Алексіевіч.

Святлана Алексіевіч атрымала 8 мільёнаў шведскіх кронаў (каля $ 970 000) у якасці грашовай прэміі.

ЮВ, belsat.eu, паводле svaboda.org

Стужка навінаў