Гомельскую настаўніцу, затрыманую за карагод у лесе, не адпусцілі з турмы


Увечары 9 студзеня скончылася 72-гадзіннае затрыманне гомельскай настаўніцы. Яе схапіла міліцыя 6 студзеня, калі жыхарка Гомля ішла ў царкву на калядную імшу.

Але з ізалятару часовага затрымання настаўніца не выйшла, піша «Свабода».

«Яна перазатрыманая за аналагічнае правапарушэнне», – паведаміў сваякам дзяжурны ў ізалятары часовага ўтрымання.

Вечарам 6 студзеня 57-гадовую настаўніцу затрымалі з невядомай дагэтуль прычыны. «Магчыма, яна ўдзельнічала ў навагоднім карагодзе ў лесе, удзельнікаў якога цяпер ловіць па Гомлі міліцыя. Іншых прычынаў мы не бачым», – казалі сябры настаўніцы.

25 снежня жыхары Гомля зладзілі ў лесе навагодні пікнік. Яны ўбралі ялінку, палілі вогнішча, смажылі сала і вадзілі карагод. На ялінцы былі аркушы з надпісамі «Пацук, уцякай!» і «Новы год без пацука». Некаторыя з удзельнікаў трымалі бел-чырвона-белыя сцягі.

5 студзеня міліцыя затрымала адну з удзельніц карагоду, затым – яшчэ адну, 59-гадовую Алу. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу. Гэтак міліцыя і суд расцанілі карагод у лесе вакол ялінкі.

ІК, belsat.eu

 

Стужка навінаў