Вяскоўцы з Гомельшчыны займаліся кантрабандаю какаіну з Дамініканы


Фота sk.gov.by

Следчы камітэт Гомельскай вобласці скончыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да двух чальцоў зарганізаванай групоўкі, якая пастаўляла какаін з Дамініканскай Рэспублікі ў Маскоўскую вобласць, паведамляе sk.gov.by.

Паводле следства, грамадзянін Украіны, які некаторы час пражываў у Дамінікане, дамовіўся там пра сістэматычную пакупку буйных партый какаіну. Мужчына стварыў зарганізаваную групоўку, у якую ўвайшлі ягоная жонка, двое расейцаў, якія пражывалі ў Маскве, шэсць беларусаў ды шэраг людзей, асоба якіх невядомая. Усе беларусы – нарадзінцы адной з вёсак Гомельскага раёну, частка з якіх у ёй і пражывала, а частка з’ехала працаваць у Расею.

Кіраўнік групы забяспечваў падапечных грашыма і турыстычнымі пуцёўкамі ў Дамінікану. Наркакурʼер прыязджаў на курорт і атрымліваў какаін. Наркотыкі растваралі ў вадкасці з утрыманнем спірту і змяшчалі ў бутэльку. Курʼеры з Дамініканскай Рэспублікі перамяшчалі какаін праз краіны Еўропы, у тым ліку Украіну і Беларусь. Іншыя чальцы займаліся выпарваннем какаіну з прывезенай вадкасці і збывалі яго.

Падазраваных затрымлівалі ў аэрапортах Нямеччыны, на тэрыторыі Расеі і Беларусі.

Адно з затрыманняў адбылося 3 траўня 2018 году ў пункце мытнага афармлення «Новая Гута» ў Гомельскім раёне. З Украіны двое беларусаў спрабавалі ўвезці дзве бутэлькі з-пад віна. Адзін з іх паспрабаваў знішчыць вадкасць. Экспертыза паказала, што ў спірце быў какаін.

Крымінальная справа перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў