Гомельскія чыноўнікі атрымліваюць «адкаты» за рэканструкцыю дарог?


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=zxmyLDn3rBc”][vc_column_text]Актывісты спрабуюць высветліць, на што мясцовыя ўлады выдаткавалі Br 40 млрд.

Спадарыня Алена збірае подпісы на вуліцы Кірава ў Гомлі невыпадкова. Менавіта тут мясцовыя ўлады нядаўна закончылі рэканструкцыю. Зрэшты, змены імгненна выклікалі абурэнне як мясцовых жыхароў, гэтак і кіроўцаў.

АЛЕНА ГРУДНІЦКАЯ, АКТЫВІСТКА ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ:
«Калі я адна выйду з пікетам, гэта нічога не дасць. А калі мы збярэм подпісы і за намі будзе шмат людзей, то, я думаю, улады мусяць неяк адрэагаваць».

Чыннікам абурэння сталі тры кальцавыя развязкі на перакрыжаванні вуліцаў Кірава, Сялянскай, Ірынінаскай і Камсамольскай, якія меліся спрасціць жыццё гораду. Але атрымалася наадварот.

ЖЫХАРКА ГОМЛЯ:
«Мой муж – кіроўца. Кажа, тут увесь час аварыі».

Апроч таго, пэўныя падазрэнні выклікалі якасць ды спосаб правядзення рамонтных працаў.

ЖЫХАРКА ГОМЛЯ:
«Спачатку кола зрабілі шырокім… потым звузілі і закаталі грошы ў асфальт, а потым назад раскалупалі».

Ініцыятыўная група на чале з актывістам БХД Аляксандрам Шарыпавым распачала ліставанне з рознымі інстанцыямі, каб даказаць, што будаўніцтва адбылося незаконна. Афіцыйны адказ прыйшоў ад «Гомельграмадзянпраекту». Згодна з Генпланам дэталёвага планавання цэнтральнай часткі Гомля (зацверджаны рашэннем гарвыканкаму ў 2006 г.) гэтыя кальцавыя развязкі распрацоўнікамі не прадугледжаныя. Між тым на праект, паводле спадара Аляксандра, пайшло каля Br 40 млрд.

АЛЯКСАНДР ШАРЫПАЎ, КААРДЫНАТАР СТВАРЭННЯ БХД У ГОМЛІ:
«Хтосьці захацеў аддаць на рэканструкцыю гэтыя развязкі зацікаўленым будаўнічым арганізацыям, у выніку чаго былі вылучаныя немалыя сродкі з гарадскога бюджэту».

Калі тут спрацаваў «карупцыйны фактар», справу трэба расследаваць. А таму актывісты маюць намер звяртацца ў дзяржкантроль і адміністрацыю прэзідэнта. Бо ў чарзе на рэканструкцыю зʼявіліся яшчэ 3 цэнтральныя вуліцы гораду: Пралетарская, Інтэрнацыянальная і Гагарына.

Вольга Саўле, «Белсат»

Стужка навінаў