Гомельскі праваабаронца пачаў «стратэгічную цяжбу» супраць судоў


Праваабаронца дамагаецца павелічэння залаў на рэзанансныя судовыя справы.

Намеснік старшыні Менгарсуда Уладзімір Грыгаровіч адрэагаваў на скаргу гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Прэтэнзіі праваабаронцы выклікала тое, што ў першы дзень суда над лідарамі прафсаюзу РЭП ён не змог трапіць на адкрытае судовае паседжанне.

У сталічным судзе мяркуюць, што гэта здарылася праз тое, што Леанід Судаленка не з’яўляецца ўдзельнікам судовага працэсу.

«Любы жадаючы павінен мець магчымасць прысутнічаць у адкрытым судовым паседжанні. Таму я не разумею, чаму я і яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек не змаглі трапіць у залу судовых паседжанняў толькі таму, што яна на 50 асобаў. Я казаў аб тым, што мне вельмі прыкра было глядзець, як былы кіраўнік краіны Станіслаў Шушкевіч, дзядуля з кійком, сядзіць у калідоры, таму што ён не мог туды трапіць», – распавядае Belsat.eu праваабаронца.

Ён кажа, што ягоная скарга – першы крок «стратэгічнай цяжбы». Пасля атрымання адказу Леанід Судаленка ўжо звярянуўся ў суд Савецкага раёну Менску на дзеянні раённага суддзі. Далей будзе суд першай інстанцыі.

«Я прайду ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, і звярнуся ў індывідуальным парадку ў камітэт ААН па правах чалавека і запытаюся: ці галоснасць вызначаецца памерам кабінета суддзі?» – кажа праваабаронца.

На пытанне, чаму ж улады ўвогуле прызначаюць малыя залы на рэзанансныя справы, Леанід Судаленка заўважае:

«Пакуль мы маўчым… Суддзя ж магла разгледзець справу ў сваім кабінеце. Пусціць туды пракурора, сакратара, Фядыніча і Комліка – і ўсё? І таксама сказала б: «Ну прабачце, у маім кабінеце месцаў больш няма». Абавязак дзяржавы – забяспечыць вялікай залай».

Праваабаронца зазначае, што праблему ніхто не падымаў на высокім узроўні. Ён упэўнены, што калі дойдзе са скаргай да камітэту ААН, рашэнне будзе на ягоную карысць.

Прысуд лідарам Беларускага незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку суд Савецкага раёну Менску абвесціць 24 жніўня.

НМ, belsat.eu, фотаздымак ПЦ «Вясна»

Стужка навінаў