Гомельская пенсіянерка сем гадоў дужаецца з чыноўнікамі за зямлю


77-гадовая Галіна Сяргеева намагаецца вярнуць участак зямлі, які, на яе думку, чыноўнікі забралі ў яе незаконна, выкарыстоўваючы падлог.

Канфліктная сітуацыя пачалася ў 2009 годзе, калі ў спадарыні Галіны, ветэрана працы, адабралі набыты ёй кавалак зямлі. У дакументах, на якія абапіраліся ўлады, па меркаванні жанчыны было шмат памылковага і несапраўднага: няправільныя памеры ўчастка, падробленыя подпісы сведкаў і г.д.Жанчына вырашыла звярнуцца ў суд па абарону сваіх правоў.

Аднак суд не прыслухаўся да довадаў Галіны Дзмітрыеўны і парушэнняў з боку ўладаў не выявіў. «Гомельскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру» адмовілася прадстаўляць схемы з вымярэннямі тэрыторыі на патрабаванне жанчыны.

«Са справы зніклі тэхнічныя і прававыя дакументы на маю маёмасць, пракуратура і міліцыя адмовілі ў распачынанні справы з гэтай нагоды і скіравалі ў гаспадарчы суд, замест таго, каб разабрацца на самым пачатку і прызнаць відавочныя памылкі і парушэнні, справа пачала развівацца ў горшы бок», – распавядае пенсіянерка.

Праз нейкі час спадарыня Галіна даведалася, што была прыцягнутая да адміністратыўнай адказнасці, у выніку чаго з пенсіі вылічылі частку на штраф. Не толькі жанчына апынулася пад ціскам, але і ейны сын быў скіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый на год. Па словах Галіны Сяргеевай, у дзень, калі праводзіўся медычны агляд, на які абапіраўся суд, і ў якім стаяць подпісы сына Галіны, ён знаходзіўся на сваім працоўным месцы пра што ёсць даведка і выпіска з працоўнага графіка.

«Мы праводзілі почырказнаўчую экспертызу, якая паказала несупадзенні почырку і подпісу ў справе, але яны не былі прынятыя судом», – заўважае пенсіянерка.

Усе скаргі на дзеянні мясцовых службоўцаў, скіраваныя ў вышэйшыя рэспубліканскія органы кіравання і Адміністрацыю Прэзідэнта не разглядаюцца і вяртаюцца назад у Гомель, у тыя органы дзейнасць якіх жанчына абскарджвае. У адказе адтуль у лепшым выпадку цытуецца фармулёўка ўстановы першаснага ўзроўню, якая не пераправяраецца.

Цяпер Галіна Дзмітрыеўна апасаецца, што яе хочуць прызнаць неадэкватнай праз ейны ўзрост і адабраць частку дому.

«Я хачу, каб на ўсе мае доказы звярнулі ўрэшце ўвагу, каб суд прызнаў факты падлогаў і парушэнняў і захоўваліся беларускія законы. Усе адпаведныя дакументы ў мяне ёсць», – падкрэслівае пенсіянерка.

«Знайсці праўду простым людзям у такой сітуацыі амаль немагчыма, – заўважае праваабаронца Алесь Яўсеенка з «Беларускага Хельсінкскага Камітэту». – Такіх справаў шмат, можна сказаць, цэлая хваля захлынула Беларусь. Судовая практыка склалася так – калі рашэнне прынята судом першай інстанцыі гэта «штампуецца» да самага верху, куды б чалавек не звяртаўся. Дзяржаўныя чыноўнікі кіруюцца не «сілай права», як у цывілізаваных краінах а «правам сілы». Практычна ў простага чалавека пры сутыкненні яго інтарэсаў з дзяржавай ці чыноўнікамі шанцаў на перамогу адсутнічаюць. Бывае канешне выключэнне але гэта патрабуе вялікіх высілкаў у тым ліку і фінансавах з боку грамадзяніна».

КЖ, belsat.eu

Стужка навінаў