Год таму беларусам загадалі «распранацца і працаваць». Ці дапамагло?


Летась Аляксандр Лукашэнка выдаў неардынарны загад падчас выступу на Усебеларускім сходзе. У адказ на эканамічныя выклікі кіраўнік краіны прамовіў, што нам трэба ці то «развівацца і працаваць» ці то «раздзявацца і працаваць». Большасць пачула апошняе, і у сацсетках пачаўся флэш-моб з аголенымі беларусамі на працоўных месцах.

Па дадзеных Сусветнага банку, ВУП Беларусі з 2016 году мае невялікі, але рост пасля рэзкага спаду ў 2015-м. Гэты рост, па прагнозах, будзе працягвацца.

«Пазітыўны рух у нашай эканомікі ёсць, але ён увесь звязаны з паляпшэннем знешнеэканамічных умоваў, нашай заслугі тут няма. Павялічыўся экспарт і экспартныя кошты ад таго, што актыўна растуць рынкі краінаў на шляху развіцця. І мы на фоне іншых, шчыра кажучы, выглядаем не вельмі добра. Гэты рух падобны на тое, як прыліў падымае ўсе лодкі, і вялікія, і маленькія», – тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы.

Што датычыцца ўнутранага рынку краіны, то тут сітуацыя больш сумная. Знешнія ўмовы змяняюцца, унутраная кан’юнктура – не.

«Галіны, што арыентаваныя на ўнутраны попыт, адчуваюць сябе цяжэй. Рознічны таваразварот дагэтуль знаходзіцца ў мінусе, хоць і невялікім. Я таксама не бачу ніякіх прычын для росту занятасці. Змяншэнне колькасці зарэгістраваных беспрацоўных – так. Пасля сурезнага пярэпалаху ўладаў гэтай вясной, яны зрабілі ўсё магчымае, каб неяк уладкаваць на працу людзей. Далі нейкія часовыя месцы, то і колькасць па статыстыцы, скарацілася», – кажа Сяргей Чалы.

Па тэме:

Эканаміст Міхаіл Залескі лічыць, што сітуацыя з беларускай эканомікай пагаршаецца з году ў год, і поспеху на гарызонце не відаць, бо Беларусь ідзе шляхам, які не мае перспектываў.

«Распранацца і працаваць, – гэта такі камсамольскі загад ад Лукашэнкі, – кажа эканаміст Міхаіл Залесскі. Мы дагэтуль ідзем па дзяржплане СССР у 1922 годзе. Гэты шлях вядзе ў камунізм. Але ж мы ўжо не можам ісці ў камунізм. Галоўнае пытанне, не колькі рабіць, а што рабіць? Што нам выпускаць? Мяса і малако? Трактары і маторы? Тэхналогіі і стандарты? З гэтым ніхто не вызначыўся. Таму і казаць немагчыма, што нешта змяняецца», – кажа Міхаіл Залесскі.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў