Год Металічнага Быка пад нацыянальнымі колерамі: варожым на стары Новы год


2021 год пройдзе пад знакам Металічнага Быка. Напярэдадні старога Новага года шмат хто варожыць і намагаецца зірнуць у будучыню. Мы таксама прапаноўваем свой жартоўны гараскоп у бел-чырвона-белых колерах.

Авен. Малюнак Дэ Лёс

Авен

У гэтым годзе перад вамі будуць адчыненыя ўсе форткі, веснічкі, дзверы, брамы ды вароты. Калі вы паставіце перад сабою сапраўдную мэту, вас будзе не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

Цялец. Малюнак Дэ Лёс

Цялец

2021-ы – ваш год. Вы з сімвалам года – у адным статку. Таму найлепш пойдуць справы, якія трэба рабіць гуртам. Для гэтага добра падыходзяць аднадумцы з сацыяльных сетак, суседзі, жанчыны ў белым. І чырвоны ў белым атачэнні ў вас будзе выклікаць радасць, а не агрэсію.

Блізняты. Малюнак Дэ Лёс

Блізняты

Прыйшоў час карыстацца тым, што вас двое. Досыць спрачацца з любой нагоды, пачынайце супрацоўнічаць. Напрыклад, калі бачыце небяспеку, разбягайцеся ў розныя бакі. Тады вас не дагоніць ніводны амапавец.

Рак. Малюнак Дэ Лёс

Рак

Сёлета ў вас не будзе магчымасці сядзець у асабістай чарупіне. Год пройдзе пад клічам «Наперад!». У вас не будзе ні часу, ні жадання глядзець у мінулае. Няхай гэтым займаюцца гісторыкі, археолагі ды вашыя біёграфы. Калі зробіцца зусім цяжка, лезьце на гару і свішчыце!

Леў. Малюнак Дэ Лёс

Леў

2021 год дасць вам магчымасць праявіць сябе як «цара звяроў» не толькі на словах. Для пачатку абʼяднайце вакол сябе суседзяў, калі гэтага яшчэ не зрабіў іншы Леў. Потым перайдзіце да яднання падʼезду, дому, двара, раёну, гораду, вобласці… Помніце, што разам вы ўсё здолееце! Верым, можам, пераможам!

Панна. Малюнак Дэ Лёс

Панна

Беларусы апошнім часам даручаюць паненкам вызначаць наш агульны лёс. На вас у гэтым годзе кладзецца вялікая адказнасць. Таму ўсе рашэнні дасканала абдумвайце. Ёсць вялікая рызыка, што Металічны Бык назаве вас Еўропай ды павязе ў лепшую будучыню.

Шалі. Малюнак Дэ Лёс

Шалі

Здаецца, надышоў час спыніць ваганні. Калі беларуская Фэміда не прачытала інструкцыю для шаляў, то прыйшоў ваш час узяць адказнасць на сябе, каб узважыць дабро і зло. Дапамажыце астатнім прыйсці да балансу і нарэшце дапамажыце Паннам у іхных рашэннях.

Скарпіён. Малюнак Дэ Лёс

Скарпіён

2021 год прынясе матэрыяльныя клопаты. Магчыма, вас аштрафуюць, але не хвалюйцеся. На наступны дзень вы выйграеце ў латарэю ці атрымаеце прэмію. Таму не бойцеся быць у першых шэрагах, у любым выпадку поспех будзе на вашым баку.

Стралец. Малюнак Дэ Лёс

Стралец

Вы, мабыць, ужо даўно заўважылі, што Стралец надта падобны да Пагоні? Толькі не з мячом, а з лукам. У гэтым годзе ў вас будзе шмат магчымасцяў узмацніць падабенства. Самааддана абараняйце дарагія для вас рэчы, людзей, каштоўнасці. За гэта вас чакае шчасце.

Казярог. Малюнак Дэ Лёс

Казярог

У вас такія ж прыгожыя рогі ды такая ж моцная ўпартасць, як і ў сімвалу гэтага года. Значыць, вы знойдзеце з ім агульную мову. Галоўнае, не здавайцеся і не кідайце справы на паўдарозе. Захацелі дайсці з Уручча да Перамогі, значыцца, дойдзеце!

Вадаліў. Малюнак Дэ Лёс

Вадаліў

Гэты год прынясе вам яшчэ большае жаданне змяніць усё. Калі вас не зразумеюць і паспрабуюць перашкодзіць, не апускайце рук. Растлумачце, што жыццё – яно як беларускі сцяг: паласа белая, паласа чырвоная, паласа белая…

Рыбы. Малюнак Дэ Лёс

Рыбы

Вашая задача сёлета – зрабіць высновы з 2020 года і, адштурхоўваючыся ад іх, прымаць правільныя рашэнні. У вас будзе жаданне змяніць сваё месца працы, але лепш зрабіце ўсё магчымае, каб месца працы змяніў нехта іншы. Гэта вашая краіна, і вы тут гаспадары.

Дэ Лёс belsat.eu

Стужка навінаў