Год «хіміі» за раскіданыя каля дзяржаўных установаў самарэзы. Сяргея Базука вызвалілі з-пад варты


Сяргея Базука вядуць на суд.
Фота: «Белсат»

21 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Магілёва Аксана Ратнікава прызнала Сяргея Базука вінаватым у хуліганстве паводле ч. 1. арт. 339 Крымінальнага кодэксу. Хоць дзяржаўны абвінаваўца Дзмітрый Марусаў патрабаваў паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, суддзя пакарала Базука годам абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Меру стрымання для Базука суддзя пастанавіла змяніць да ўступлення выраку ў законную моц і вызваліла яго з-пад варты проста ў зале суда. У мужчыны ёсць 10 дзён на абскарджанне.

«Я не чакаў такога жорсткага прысуду. Пакуль не ведаю, ці буду абскарджваць далей. Усю справу звязваю з цяперашнімі падзеямі ў Беларусі. Выклікае сум, што на мяне за самарэзы «крыміналку» завялі, а на тых, хто збіваў і катаваў людзей, дасюль нічога не заведзена», – сказаў Сяргей Базук.

Сяргей Базук перад агучваннем выраку ў справе за раскіданыя самарэзы.
Фота: «Белсат»

Мужчына цалкам прызнаў сваю віну, добраахвотна скампенсаваў шкоду – 30 рублёў – работніку КДК за прабітае кола, а таксама раскаяўся ў сваіх дзеяннях. Раней Сяргей Бузук тлумачыў, навошта раскідваў самарэзы ля будынкаў МУС, КДК, УСК і ГУБАЗіК: «Такім чынам я хацеў выказаць свой пратэст супраць збіцця людзей, якія выходзяць на мірныя мітынгі, і супраць бяздзеяння сілавых структураў».

Сяргей Базук разам з роднымі пасля вызвалення з-пад варты.
Фота: «Белсат»

50-гадовы Сяргей Базук працаваў менеджарам продажаў у Магілёве. На працы яго характарызуюць станоўча: «сціплы, ветлівы, займаецца спортам». Раней мужчыну ніколі не прыцягвалі да крымінальнай адказнасці. Ягонае шчырае прызнанне – адзіны доказ віны.

Самарэзы Сяргей Базук атрымаў у якасці заробку на папярэдняй працы. Ён раскідваў іх 26 кастрычніка і 11 лістапада 2020 года на паркінгах ля будынкаў МУС, КДК, УСК і ГУБАЗіК у Магілёве.

Дзеянні Базука кваліфікаваныя як крымінальнае злачынства толькі на падставе нанесенай шкоды. Пацярпелым у справе выступае галоўны спецыяліст Камітэту дзяржаўнага кантролю па Магілёўскай вобласці Дзяніс Касталомаў. 11 лістапада ён заязджаў аўтам «Hyundai Creta» на працу, і адзін самарэз трапіў у левае пярэдняе кола.

Суд Ленінскага раёну Магілёва.
Фота: «Белсат»

Дзяніс Касталомаў пазначыў нанесеную яму шкоду – 30 беларускіх рублёў, з якіх 10 рублёў – гэта праца шынамантажу, а 20 рублёў – «клопаты» (маральная шкода). Сяргей Базук праз адваката спрабаваў скампенсаваць гэтыя грошы Касталомаву да пачатку разгляду справы, але Касталомаў сказаў, што яму «трэба параіцца з кімсьці». 30 беларускіх рублёў былі дасланыя Касталомаву поштаю 28 снежня 2020 года, але, паводле пацярпелага, ён дасюль не бачыў квітка ў сваёй паштовай скрыні. У выніку 30 рублёў яму скампенсавалі проста на судзе пад распіску, што ён не мае ніякіх грашовых прэтэнзіяў да Базука.

Hавiны
Тры з паловаю гады пазбаўлення волі для гарадзенца, якога збілі 6 сілавікоў
2021.01.21 13:09

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў