Сабраць мяхі пачастункаў, пацешыць гаспадароў каляднымі песнямі і жартамі… Калядоўшчыкі рушылі на калядаванне!
Можна сцвердзіць адназначна: беларусам з Калядамі пашанцавала. Калядаваць і хадзіць у госці можна ажно да 13 студзеня, улічваючы двукаляндарнае адзначэнне святаў.
Моладзь у Горадні ізноў вырушыла за каляднымі цукеркамі, а, мо, і чым «мацнейшым». У гэтым годзе з каляднай зоркай у хату напрошваліся каза, мядзведзь, воўк, габрэй ды іншыя калядныя постаці. У параўнанні з вясковым, калядаванне ў горадзе само сабою становіцца крыху «урбанізаваным», аднак радасці ад прыходу раззадоранай кампаніі – не менш.
«Ёсць традыцыя калядаваць і мы калядуем. Людзі пазітыўна рэагуюць. Для ўсіх гэта радасць, свята. Канешне, шмат людзей да якіх мы прыходзім, ужо маюць пэўнае ўяўленне, што такое калядаванне. Калядаванне, калядоўшчыкі – гэта абрад фактычна добраслаўлення на наступны год і канешне гэтаму радуюцца і плюс да ўсяго гэта проста свята ў хаце. Гэта магчымасць паслухаць народныя традыцыйныя песні, каторыя спявалі і 50 гадоў таму, і 100 год таму», – кажа калядоўшчык-Воўк.
Сёлета, акрамя кватэр сяброў і знаёмых, калядоўшчыкі не абмінулі і некалькі гарадзенскіх кавярняў.
Людзі, у большасці моладзь, рэагавалі са здзіўленнем, часам збянтэжана, аднак калі выходзілі ў скокі, пазітыўнаму настрою гэта не замінала. А самае галоўнае, што мех калядоўшчыкаў не застаўся пустым.
Глядзіце ўсе фота з калядавання ў Горадні:
ПВ, belsat.eu