Глыбінка, дзе жыве толькі мінулае: Андрэй Куціла зняў фільм на хайповай Шчучыншчыне

Адзін з найвядомейшых беларускіх рэжысёраў Андрэй Куціла з’ездзіў у Орлю і стаў там нябачным, каб зрабіць далікатнае і ненавязлівае апавяданне пра няздзейсненыя мары беларускай глыбінкі.

Орля размяшчаецца на Гарадзеншчыне ў Шчучынскім раёне – на абшары, што належаў Рэчы Паспалітай, Расейскай імперыі, Польскай Рэспубліцы, БССР і захавала ў сабе ледзь заўважныя, але безумоўныя рэплікі з мінулага.

Помнікі на габрэйскіх могілках, польскі акцэнт, Ленін у кнізе на падлозе закінутага дому, а галоўнае, велічны краявід – дэталі, якія намякаюць на гістарычную маштабнасць. Але ў рэчаіснасці – стомлены твар галоўнага героя, халодныя сцены мясцовай амбулаторыі, зламаны камбайн, бабулькі ў хустках і «аграгарадок» – спецыфічная беларуская «стабільнасць». З усяго відаць, гэта ўжо не тое «над Нёманам», пра якое можна пісаць раманы.

Анатоль – галоўны герой фільма «Над Нёманам»

Галоўны герой Анатоль працуе тут доктарам, рамантуе габарытную тэхніку, каб выйсці ў поле на ўборку, займаецца ўласнаю гаспадаркай і расцягвае словы расчараваным у жыцці голасам. Дзеці басанож бегаюць па вуліцы і зачытваюць вершыкі пра адкрыццё бізнесу, пажылыя пацыенты просяць доктара нікуды ад іх не з’язджаць, мясцовая газета «Дзянніца» піша статыстыку ўборачнай кампаніі, а сам Анатоль больш-менш ажывае, хіба калі расказвае пра орлеўскае мінулае.

Фільмы
Андрэй Куціла: Маладыя людзі пры любой сістэме будуць рабіць кіно
2015.11.17 21:17

Нейкім чынам гэтую пазбаўленую жыцця правінцыю ён сабой увасабляе – Анатоль таксама паддаўся заведзенай траекторыі руху, ягоныя дні таксама захраслі ў непадуладных яму акалічнасцях, а голас таксама нехаця запаволіўся.

«Жонка выходзіла за старлея, а ў выніку жыве з калгаснікам», – агучвае ён амаль што анатацыю фільму.

Яшчэ некалькі месяцаў таму гэтыя цягучыя дні і бяздзейныя размовы заняпалай Орлі (дарэчы было б згадаць усе паказушныя намеры ўладаў ажывіць вёску) асабліва развярэдзілі б нашу падсвядомую няёмкасць за беларускае згасанне. Стабільнасць аказалася не такой ужо сумнастабільнай, але і сёння «Над Нёманам» застаецца добрым адказам на маніпуляцыю пра тое, што пачынала наша незалежная рэспубліка з ні-чо-га, а цяпер мае ледзь не ўсё. Дык вось не ўсё.

Кадр з фільма «Над Нёманам»

Галоўны паказнік тут, вядома, не фізічна адчувальныя набыткі і пералік адзінак інфраструктуры. Мы ўсё ж маем справу з кіно Андрэя Куцілы, які расказвае пра лёсы і месцы іх інтанацыямі і атмасферамі. А атмасфера – складана падуладная дакументальнаму кіно катэгорыя, якой Куціла, тым не менш, адметны асабліва.

Фільмы
Summa
2020.04.09 19:23

Апафеозам ягонага ўмення абыходзіцца з метафізікай можна лічыць фільм «Summa», што падхапіў настрой у маёнтку памерлага ўжо мастака Анджэя Струмілы і атрымаў галоўную ўзнагароду ў сваёй катэгорыі на найважнейшым кінафестывалі для дакументалістаў IDFA.

Зрэшты, не кіношна-штучны, а быццам натуральна-запазычаны настрой выпінаецца і ў іншых працах рэжысёра, у тым ліку мімалётных, ледзь не рэпартажных кароткаметражках.

Атрымліваецца, атмасфера ў Орлі і ў надзённым Анатоля так сабе: усё галоўнае – і надзеі, і ліхія сюжэты, і няспынны гул наваколля – засталося ўласцівасцю мінулага, якое нават гучыць весялей і грандыёзней. Сучасны кантэкст не стаў пераемнікам былых маштабаў, а ў фільме, больш за тое, складае з імі кантраст, ад чаго цішэе яшчэ больш.

Фільмы
Раскіданае гняздо
2019.09.29 21:15

З прасторы знікла веліч думак і мараў, уласцівая хаця б адносна нядаўняму савецкаму перыяду, як бы мы да яго ні ставіліся: хлопчык разважае пра сваю будучую прафесію і выбірае яе, арыентуючыся на заробак.

Жартаўлівыя забавы дзяцей тут сталі выглядаць анамаліяй: сярод тых, хто трапляе ў фільм, – пераважна людзі сталага веку.

Яны прыходзяць у амбулаторыю або сядзяць ля аптэкі – іншага сацыяльнага кантэксту для маладога галоўнага героя тут няма. Высакародныя наднёманскія пейзажы, у сваю чаргу, суседнічаюць са скрывелымі драўлянымі збудаваннямі ды робяцца фонам для нудлівай і бязмэтнай рыбалкі.

Фільмы
Цар гары
2018.10.22 10:30

Уся гэта руціна заняпаду па-свойму каларытная: займальна, пра што тут гавораць, але больш – пра што маўчаць. У сонных паўзах і рэдкіх выціснутых словах гучыць суцэльны правал рыторыкі пра беларускі рух наперад, пануе страх знікнуць канчаткова і без аніякіх слядоў.

«Час пройдзе і нас могуць не ўспомніць», – кажа галоўны герой і ўсім сваім відам паказвае, што, хутчэй за ўсё, так і будзе.

Інтанацыямі няспраўджаных надзеяў фільм «Над Нёманам» піша надзённае гітовай цяпер Шчучыншчыны – і большасці тэрыторыі краіны таксама. Паноўным нашым дасягненнем аказаўся стабільны балотны заняпад.

Ірэна Кацяловіч, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў