Глядзіце выбарчы вечар на «Белсаце», нават калі заблакуюць інтэрнэт


У дзень выбараў прэзідэнта Беларусі, 9 жніўня, а 8:00 мы распачнем беспрэцэдэнтны 18-гадзінны жывы эфір.

Журналісты «Белсату» будуць працаваць у штабах усіх альтэрнатыўных кандыдатаў, адкуль цягам дня зарганізуюць наўпроставыя ўключэнні. Асаблівую ўвагу надамо працы аб’яднанага штабу Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы.

«Нашыя журналісты будуць сачыць за падзеямі ды выходзіць з намі на сувязь з усіх рэгіёнаў Беларусі і па-за яе межамі: з Украіны, Расеі, Літвы, Польшчы, Нямеччыны, Швецыі, Швейцарыі. Ведаем, што пэўны клопат з рэгістрацыяй для галасавання нашых грамадзянаў быў у Польшчы, таму паглядзім, як амбасады ў іншых краінах падрыхтаваныя да правядзення выбараў», – распавядае кіраўнік рэдакцыі інфармацыі Зміцер Ягораў.

Мы будзем асвятляць хаду галасавання, сітуацыю вакол падліку галасоў і рэакцыю грамадзянаў. Выбарчыя ўчасткі зачыняцца а 20:00. Пасля гэтага могуць распачацца акцыі пратэсту.

Усе падзеі ў нашых студыях – варшаўскай і менскай – будуць каментаваць эксперты з розных краінаў, а самая цікавая інфармацыя будзе аператыўна зʼяўляцца на нашым YouTube-канале «Белсат News».

«Белсат» дасць магчымасць выбарнікам выказвацца ў нашых стрымах, апытаннях ці камунікаваць з намі ў сацыяльных сетках. «Тое, што напішуць гледачы ў нашых акаўнтах у сацсетках, вядоўцы будуць зачытваць у эфіры», – дадае Зміцер Ягораў.

Мы таксама падрыхтаваныя да таго, што ў Беларусі могуць блакаваць інтэрнэт. Калі яго адключаць цалкам, «Белсат» можна глядзець праз спадарожнік «Аstra 4A» (ранейшая назва – «Sirius 4»).

Сачыце за падзеямі разам з «Белсатам»!

Стужка навінаў