«Гляджу ў вакно: чаек – быццам побач мора». Што бачылі і пра што думалі беларусы падчас самаізаляцыі?


Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Значная частка беларусаў правяла вясну ў самаізаляцыі. Замест сяброў у кавярні – кухня і онлайн-размовы, замест кінатэатру і музею – серыялы на Netflix і лекцыі на YouTube, замест шпацыру – від з вакна. Менская ўрбаністычная платформа апублікавала даследаванне аб зменах гарадскога асяроддзя ва ўмовах самаізаляцыі ды пандэміі. Што пераасэнсавалі беларусы, гледзячы праз шыбы, распавядае аўтарка даследавання Наста Нікіціна.

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Акно як люстэрка

Больш за 500 беларусаў з 22 населеных пунктаў прайшлі апытанне для даследавання Менскай урбаністычнай платформы. Каля чатырох соцень з іх даслалі фотаздымкі сваіх вокнаў, падмацаваныя разважаннямі пра від з вакна.

«Гледзячы ў акно, людзі быццам глядзелі на сябе. Узгадвалі пра дзяцінства, мінулае або мелі прычыну задумацца пра сваю цяпершчыну. Атрымліваецца акно-люстэрка. Можна выказаць здагадку, што значная частка беларусаў – інтраверты. З іншага боку, некаторыя людзі выкарыстоўваюць балконы і вокны як фон для выказвання сваёй грамадзянскай пазіцыі. Напрыклад, вывешваюць БЧБ-сцягі, адзенне ў такіх колерах», – распавядае Наста Нікіціна.

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

На самаізаляцыі акно станавілася і парталам у вонкавы свет. Але не заўсёды гэтая вандроўка была прыемнаю. Негатыўныя пачуцці ў апытаных з большага выклікалі рукатворныя аб’екты за вакном: старыя дзіцячыя пляцоўкі, будоўлі, заводы, тыповыя савецкія панэлькі.

А што калі насупраць твайго люстэрка яшчэ адно, але чужое? Наста Нікіціна сустрэла сярод апытаных досвед жыцця «вокны ў вокны»:

«Большасці не падабаецца, што нехта можа бачыць іх дома праз акно. Многія вешаюць фіранкі на вокны, каб іх не бачылі. І толькі некаторыя ставіліся пазітыўна да «адкрытага» жыцця. У самаізаляцыі ім падабалася назіраць, што адбываецца за чужым акном, будаваць здагадкі і сюжэты».

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Аўтарка даследавання дадае, што жыць «акно ў акно» даводзіцца, калі ва ўжо гатовай забудове ставяць дадатковыя дамы. Увогуле найлепшае рашэнне – квартальная забудова. Тут жыхар адчувае сябе псіхалагічна больш камфортна. На карысць самапачуццю – збалансаваная і разнастайная забудова. Гэта ключавыя фактары развіцця гораду.

«Можна пабудаваць гмах у 50 паверхаў, а можна квартал з дамамі сярэдняй вышыні. Шчыльнасць тая ж, але якасць асяроддзя і дабрабыту вышэйшыя. Але важна, каб нават у такой забудове былі розныя ўладальнікі ў розных дамоў. Тады фармуецца разнастайнае наваколле, улічваецца больш патрэбаў. Чым менш жыхароў, тым зручней дамовіцца».

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Калі за акном – сваё

Каб хацець дамаўляцца і змяняць свет вакол сябе, чалавек мае адчуць сувязь з гарадской прасторай. Акурат гэта адбылося са значнай часткай апытаных беларусаў на самаізаляцыі. Уласны дом, двор, раён атрымалі большае значэнне, чым штодзённы маршрут да працы ці ў краму.

«Прастора ператвараецца з нічыйнай у агульную. Зʼяўляецца пачуццё прыналежнасці да месца па-за кватэрай ці домам. У працэсе ствараюцца мясцовыя суполкі і добрасуседства. Такія змены пазітыўна ўплываюць на выкарыстанне асяроддзя, на ўзаемадзеянні паміж людзьмі», – разважае Наста Нікіціна.

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Аўтарка лічыць, што стаўленне людзей да свайго раёну – гэта наступства ўладання і абслугоўвання земляў. У Беларусі зямля зазвычай на балансе гораду, радзей ёй валодае таварыства ўласнікаў.

«Жыхары адчуваюць, што нямоцна могуць паўплываць на змены ва ўласным двары. У звычайнага жыхара Беларусі «сваё» заканчваецца дзвярыма кватэры».

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Каб глядзелася мілей…

Што зрабіць, каб пейзаж за вакном быў прыгажэйшым? Больш дрэваў, новая дзіцячая пляцоўка, клумбы, ды проста каб дзірку ў асфальце нарэшце залаталі? Ёсць некалькі спосабаў зрабіць так, каб глядзелася з вакна мілей.

Найпрасцейшы спосаб, паводле Насты Нікіцінай, – стварэнне заявы на партале «Мая Рэспубліка». Варта запасціся цярпеннем: пакіньце некалькі заяваў, дадаткова патэлефануйце. Гэты спосаб – для маленькіх праектаў. Напрыклад, дрэва ў аварыйным стане і яго трэба спіліць, ці дзірку ў асфальце залатаць, ці дзіцячую пляцоўку адрамантаваць. Такі касметычны рамонт.

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Што рабіць, калі вам не хапае дрэваў у двары? Ці вы просіце паставіць дарожныя знакі і зрабіць разметку? Ці замяніць дзіцячую пляцоўку? Экспертка раіць у такіх выпадках дзейнічаць калектыўна, бо тут патрабуецца праект і ўзгадненні са шматлікімі службамі – а гэта і доўга, і даволі дорага для аднаго чалавека. Напрыклад, каб пасадзіць дрэва, трэба спачатку запрасіць мапы інжынерных сетак («Белтэлекам», «Цепласеткі», «Менсквадаканал», «Менгаз», «Рэмаўтадар»), узгадніць усё з «Зелянбудам» і ЖКГ, выбраць, набыць і транспартаваць саджанец.

Гэта тактычны ўрбанізм – калі суседзі абмяркоўваюць праект, наладжваюць сувязь, улічваюць меркаванні большасці.

«Калі пастаянна паляпшаць прасторы, то людзі пачнуць прызвычайвацца да лепшых умоваў пражывання. На падставе гэтага досведу пачне фармавацца запыт на камфортнае асяроддзе», – лічыць Наста.

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Прыкладам можа быць азеляненне двароў ці перапланаванне паркоўкі аўтамабіляў. Апошняя праблема – балючая для шматлікіх двароў. Урбаністка лічыць, што валоданне аўтамабілям мусіць быць прывілеем у горадзе:

«Колькасць павінна рэгулявацца платнымі паркоўкамі, напрыклад. Дапаможа і прыярытэт перасоўвання па горадзе на роварах, самакатах ці грамадскім транспарце».

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Гэта палепшыць паветра ў горадзе і разгрузіць двары.

«У часы савецкіх забудоваў аўтамабілізацыя гарадоў была меншаю, таму двары тых часоў і цяперашнія нарматывы не адаптаваныя пад новыя рэаліі».

Новыя паркавальныя месцы кіроўцы часта знаходзяць на газонах ці ходніках. У такіх выпадках можна скардзіцца праз Telegram-бот, які дашле інфармацыю ў ДАІ.

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Беларусы ў вокнах

У даследаванні згадваліся і цікавыя разважанні беларусаў пра від з вакна. Для кагосьці гэта было дадатковай забавай: «Уяўляю, як баба-сарока крычыць на мужыка-сароку». «Пару разоў махала суседу з супрацьлеглага дому, але той не адказваў. Гляджу ў вокны часцей, чым у тэлевізар, таму што там нашмат цікавей». «Назіраю за птушкамі. Часам так чайкі крычаць, быццам побач мора».

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Паводле даследавання, у беларуса вакно выклікае ў першую чаргу самарэфлексію, думкі пра сябе, сваё мінулае ці будучыню. Самаізаляцыя для апытаных была рашэннем, а не прымусам – адсюль рэфлексіўнасць і крытычнае мысленне.

«Мясцовыя ўлады мала зацікаўленыя ў тым, каб выгляд з вакна быў прыемны чалавеку. Калі горад не можа забяспечыць гараджанам прымальную якасць водаправоднай вады, то пытанні эстэтыкі і нават псіхаэмацыйнага фону адыходзяць на другі план», – лічыць Наста Нікіціна.

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Аўтарка даследавання дадае, што пры планаванні гораду ў гараджанаў Беларусі не заведзена запытвацца пра іхнае бачанне.

«Таму мы атрымліваем гарады, у якіх людзі сутыкацца з дэпрэсіяй, сумуюць, робяцца асацыяльнымі».

Наста адзначае, што пандэмія – асабліва цяжкі і нетыповы досвед для людзей, які звярнуў іхную ўвагу на прастору вакол сябе.

«Увогуле, калі ўлады зацікавяцца тым, каб штосьці змяніць, то ім варта больш часу вылучаць на перадпраектны аналіз, ладзіць сацапытанні, даследаванні. Каб гэта рабілася прасцей і рэгулярна, можна развіваць суполкі і аб’яднанні людзей, садзейнічаць недзяржаўным арганізацыям, якія гэтым займаюцца».

Фота: Таня Капітонава / Belsat.eu

Дзіяна Раткевіч Belsat.eu

Стужка навінаў