Глушэнне сігналу ці звычайная перагрузка? Чаму абарваліся стрымы падчас пікету Ціханоўскай


Фота: ТК / Belsat.eu

Падчас агітацыйнага пікету Святланы Ціханоўскай на плошчы Бангалор карыстальнікі мабільных сетак наракалі на адсутнасць інтэрнэту ў прыладах. Telegram-каналы размясцілі фота сіняга бусу з нейкім прыстасаваннем на даху: маўляў, гэтак службы глушаць сувязь. Адмыслоўцы IT патлумачылі «Белсату», што замінала сувязі 19-га ліпеня.

Тры аператары мабільнай сувязі ў Беларусі, сярод якіх А1, МТС і Life запэўніваюць, што сетка пакрыцця ў Менску даволі прыстойная і здольная абслужыць істотную колькасць карыстальнікаў. У дыяпазоне 3G усе аператары мабільнай сувязі маюць добрае пакрыццё ў тым ліку і на плошчы Бангалор, дзе 19 ліпеня адбываўся пікет Святланы Ціханоўскай. У дыяпазоне 4G пакрыццё горшае, і ў парку аператары маюць «белыя плямы».

Мапа пакрыцця 4G у аператара МТС
Мапа пакрыцця 4G у аператара A1
Мапа пакрыцця 4G у аператара Life

Мабільны інтэрнэт працаваў, але перастаў працаваць на пачатку агітацыйнага пікету Святланы Ціханоўскай, калі на плошчы сабраліся некалькі тысячаў пікетоўцаў. Стрымы «Белсату», «Радыё Свабода» і штабу Бабарыкі абарваліся. Гледачы страцілі магчымасць паглядзець акцыю ў жывым эфіры.

Hавiны
Больш за 7 тысяч асобаў прыйшлі падтрымаць Святлану Ціханоўскую. Вялікі фотарэпартаж
2020.07.19 21:59

У некаторых Telegram- каналах паказалі фоты сіняга бусу, запаркаванага каля плошчы Бангалор. На даху – усталяванае нейкае прыстасаванне. Інтэрнаўты выказалі меркаванне, што з яго дапамогаю спецслужбы глушаць сігнал.

Сіні бус з прыстасаванне на даху.
Фота: Telegram-канал «Типичная Беларусь»

Некаторыя выказвалі думку, што на фота расейскі комплекс радыёэлектроннай барацьбы і радыётэхнічнай вызведкі РБ-636АМ2 «Свет». Але ж візуальна расейская распрацоўка адрозніваецца ад тае, якую заўважылі каля плошчы.

Комплекс «Свет».
Фота: topwar.ru

ІТ-адмысловец з Менску на ўмовах ананімнасці распавёў «Белсату» пра прыладу, умацаваную на апублікаваным у сацсетках бусе.

«Мне падаецца, што на версе стаяць камеры. Калі б сігнал глушылі, то не было б аніякай сувязі. Глушаць звычайна так званым «белым шумам». У такім выпадку па ўсім дыяпазоне вяшчання чуваць толькі нейкі шум. GSM-сувязі б не было. Але на Бангалоры ўчора была адносна добрая тэлефонная сувязь», – кажа ІТ-адмысловец.

Падчас агітацыйнага пікету Святланы Ціханоўскай праваабаронцы налічылі каля 7 500 прысутных. Паводле некаторых іншых падлікаў на акцыі сабраліся ажно 10 000 асобаў.

Hавiны
Святлана Ціханоўская правяла пікет 19 ліпеня ў Менску. «Белсат» зладзіў СТРЫМ
2020.07.19 17:57

Такая колькасць людзей, якія сабраліся ў адным месцы, маглабыць прычынаю перагрузкі сетак сотавай сувязі.

«Ніякай спробы заглушыць сігнал не было. Я лічу, што гэта проста перагрузка базавай станцыі. Справа ў тым, што працавала звычайная сувязь, акрамя таго, у гэтым месцы няма адмысловага прыстасавання, якое б абслугоўвала такую колькасць людзей. Базавая станцыя прымае каля 37 аўтарызацыяў за секунду, кожная 38-ая – адключаецца. Таму без папярэдніх працаў такую колькасць абанентаў стабільна абслужыць не магчыма», – кажа адмысловец.

Дзясяткі тысячаў пікетоўцаў на плошчы Бангалор.
Фота: ТК / Belsat.eu

Для таго, каб быў добры мабільны інтэрнэт пры такой вялікай колькасці людзей, неабходныя дадатковыя прыстасаванні. Але арганізатары акцыі не ўлічылі гэтага моманту.

«Калі адбываюцца нейкія афіцыйныя буйныя акцыі, то мабільныя аператары звычайна прыганяюць адмысловыя аўтамабілі з вялікімі антэнамі. У народзе, сярод адмыслоўцаў, іх называюць «каровы», паколькі комплексы маюць абрэвіятуру «COW». Ніякага блакавання інтэрнэту падчас пікету Ціханоўскай насамрэч не было», – падсумоўвае адмысловец.

Зусім іншая сітуацыя назіралася падчас акцыі 19 чэрвеня ў Менску. У гэты дзень у абанентаў цалкам знікла галасавая сувязь і мабільны інтэрнэт. Пазней аператары мабільнай сувязі апраўдваліся, што ў іх адбыўся тэхнічны збой.

Hавiны
Пікеты салідарнасці ў Беларусі: глушылі сувязь, затрымлівалі журналістаў, разганяў АМАП
2020.06.19 19:00

Сяргей Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў