«Глупства несусветнае», «псіхоз». Лукашэнка выказаўся пра закрыццё межаў і каранцін


Падчас нарады з лекарамі, навукоўцамі-вірусолагамі і топ-чыноўнікамі 19 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што закрыццё межаў на каранцін падчас пандэміі – гэта «глупства абсалютнае і несусветнае». Ён таксама сказаў, што ад панікі людзі «могуць пацярпець больш, чым ад самога каронавірусу», перадае БелТА.

На пачатку Лукашэнка сказаў, што ў кітайцаў атрымалася даць рады вірусу і яны гатовыя падзяліцца досведам.

«Прынамсі, у мяне няма такіх фактаў, каб яны не адказалі хоць на адно пытанне або ў чымсьці адмовілі. У мяне сігналы з кітайскага боку, што яны гатовыя беларусам дапамагчы ва ўсім», – сказаў Лукашэнка.

Паводле слоў Лукашэнкі, абвешчаная САЗ пандэмія для Беларусі не мае ніякага значэння, бо ў краіне нібыта і раней уважліва ставіліся да барацьбы з інфекцыямі.

«На мапе не засталося практычна ні адной краіны, дзе б ні пасяліўся гэты вірус. Але адна справа, калі недзе ў Паўночнай Афрыцы адзін чалавек, а іншая справа, калі за суткі толькі ў Італіі загінулі 475 чалавек. Розніца вялікая», – дадаў ён.

У той час, калі ўсе суседнія краіны, у тым ліку Расея, зачынілі свае межы на каранцін, Лукашэнка не лічыць гэта правільным.

«Глупства абсалютнае і несусветнае, і гэта ўжо пацвярджаецца. Гэта ніяк не абараняе Расею. Тым больш закрываюць выбарачна. Але гэта іх справа. Людзі ацэняць усё, што адбываецца ў нас з закрыццём межаў. Зараз у свеце штучна створана сітуацыя, калі чалавек не можа трапіць дадому. Нам трэба прыняць усе намаганні, каб нашы грамадзяне змаглі вярнуцца ў самы бліжэйшы час. Яны павінны быць дома. У бяспецы», – падкрэсліў Лукашэнка.

«Разам з вамі перажыў многія псіхозы»

Таксама Лукашэнка прыйшоў да высновы, што «людзі могуць больш пацярпець ад панікі, чым ад самога каронавірусу».

«Нягледзячы на ​​нейкую крытыку з майго боку, я гэты каронавірус называю не інакш як псіхозам і ад гэтага ніколі не адмоўлюся, таму што разам з вамі перажыў ужо многія псіхозы, і мы ведаем, да чаго гэта прыводзіла.

Абсалютна перакананы, што гэта чарговы такі ж псіхоз, які камусьці будзе на руку, а камусьці і на шкоду, але мы жывем у пэўнай сітуацыі і, натуральна, павінны зыходзіць з таго становішча, якое складаецца не толькі ў нас, але і за межамі нашай краіны. Чаму я сябе так паводжу? Таму што я абсалютна перакананы, што мы можам больш пацярпець ад панікі, чым ад самога віруса. Вось гэта мяне больш за ўсё хвалюе».

Разам з тым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хуткае распаўсюджванне захворвання дазволіла «страсянуць» беларускую сістэму аховы здароўя, асабліва вірусолагаў і эпідэміёлагаў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў