Гісторыя затрыманай Марыі Мароз, расказаная ёю самой


Незадоўга да затрымання Марыя Мароз распавяла «Белсату» як узначаліла штаб кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай і пра што цяпер марыць больш за ўсё.

Пра Штаб

Я трапіла ў Штаб выпадкова. Раней я займалася бізнесам, але апошнія некалькі гадоў сядзела ўдома з дзіцем.

Я ўжо хацела з’язджаць з Беларусі, але калі Сяргей Ціханоўскі вырашыў балатавацца, я падумала што гэта мой шанец застацца тут. У нас маленькае дзіця, нехта павінен быў сядзець з ім. Мы ўсё ўзважылі на сямейным савеце – і я падала дакументы для таго, каб стаць сябрам ініцыятыўнай групы. Калі зарэгістравалі не Сяргея, а Святлану, я стала збіраць подпісы за яе: гэта адна сямʼя і ў іх адны каштоўнасці. Калі я з ёй пазнаёмілася асабіста, яна мне спадабалася яшчэ больш.

Калі сябры ініцыятыўнай групы адправіліся ў паездку па ўсёй Беларусі, мне пакінулі каардынаваць Менск.

Паколькі я была са Святланай 24 гадзіны ў содні мне ў выніку прапанавалі стаць начальніцай штабу. Столькі ж часу я праводжу са Святланай і цяпер, мы жывем у адной кватэры.

Пікет дзеля падтрымання Святланы Ціханоўскай у Магілёве. 2 жніўня 2020.
Фота: «Белсат»

Аб распарадку дня Святланы Ціханоўскай

Кладзецца Света звычайна ў гадзіну ночы, мы зараз прыязджаем дадому позна. Яна штодня, часам па некалькі разоў на дзень, мае зносіны з дзецьмі па тэлефоне.

Вялікая праблема – харчаванне. Яно ў нас хутчэй двухразовае, чым нармальнае. Бывае, я бегаю ў кавярні і замаўляю што-небудзь з сабой, каб яна паела паміж інтэрв’ю. На сняданак альбо нешта гатуем, альбо купляем ужо гатовае. Асаблівых пераваг у Святланы няма – гэта салаты ці нешта мясное.

За апошні час Святлана вельмі моцна змянілася: стала больш упэўненай у сабе, стала лепш выглядаць. (Святлана за час кампаніі страціла 17 кілаграмаў, падказвае прэс-сакратар Ціханоўскай Ганна Красуліна, якая знаходзіцца побач). Гэта ўсё з-за таго, што яна таленавітая. Раней ёй, як і мне, няма куды было асабліва выходзіць. Я сядзела ўдома, гатавала есці, максімум – у садок на сход.

Зараз Света ўвесь час навідавоку, ёй пастаянна трэба добра выглядаць. У яе няма стыліста, сукенкі сабе яна падбірае сама.

Падчас кампаніі яна з дзеўчынамі купіла сабе некалькі касцюмаў, у якіх выступае на сцэне. У яе ёсць толькі візажыст, які робіць ёй макіяж.

Пікет дзеля падтрымання Святланы Ціханоўскай у Магілёве. 2 жніўня 2020.
Фота: «Белсат»

Пра мары

Света – звычайны чалавек, як і ўсе мы. Цяпер больш за ўсё яна марыць вярнуцца да ранейшага жыцця – у свой дом, на сваю кухню, да свайго мужа. Яна па гэтаму вельмі сумуе.

Для яе нязвыкла даваць столькі інтэрв’ю (7 жніўня Святлана Ціханоўская дала каля 10 інтэрвʼю розным медыям. – Заўв. «Белсат»), яна вельмі стамляецца. Адзінае, што ёй падымае дух – падтрымка людзей.

Цяпер мы ўсе ў Штабе марым, каб у нашай краіне адбыліся мірныя перамены, каб мы бачылі тут перспектывы і не вымушаныя былі зʼязджаць за мяжу.

Пікет дзеля падтрымання Святланы Ціханоўскай у Бабруйску.
Фота: Belsat.eu

Пра першае затрыманне

Калі мяне затрымаў ГУБАЗіК (6 жніўня Марыю Мароз затрымалі супрацоўнікі Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй), у мяне было адчуванне, што яны ведаюць усё, што адбываецца ў Штабе. Калі мяне схапілі, мой ахоўнік хацеў выйсці з машыны, да яго звярнуліся па імені і па бацьку і папрасілі «не тузацца».

У аддзяленні мяне папрасілі не працягваць дзейнасць [па арганізацыі «несанкцыянаваных мерапрыемстваў». – Заўв. «Белсат»]. Я здзівілася: «Працягваць? Я ж яшчэ нават не пачынала».

Запісаў Дзяніс Дзюба/ ІР

Стужка навінаў