Гісторыя Пятра Бітэля – гатовы сцэнар для Netflix


У савецкіх лагерах ён перакладаў Міцкевіча на мяшках з-пад цэменту

Пётра Бітэль побач з маладым Міхасём Казлоўскім. Фота з архіва Міхася Казлоўскага/Белсат

Яго вывозілі ў Сібір двойчы, ён цудам не трапіў у Катынь, яго пераследавалі немцы і палякі, ён стаў святаром, каб не памерці з голаду, а хацеў быць проста беларускім настаўнікам. У гадавіну смерці паэта і перакладчыка, узгадваем лёс Пятра Бітэля.

«Гэты чалавек перакладаў Міцкевіча, седзячы ў савецкім лагеры. Паперы не было і тэксты ён запісваў на мяшках з-пад цэменту», – тлумачыць спадарыня Тэрэса, якая заўважыла маю цікаўнасць да магілы Пятра Бітэля.

Сям’я Бітэляў. Фота з кнігі “Галасы разбуджаны птушак”/Белсат

Мы наведвалі могілкі ў Вішневе на Меншчыне, дзе пахаваная паэтка Канстанцыя Буйло. А тут раптам яшчэ адзін надпіс па-беларуску: «Паэт, перакладчык, краязнавец». Як аказалася, пад гэтымі сціплымі словамі схаваная біяграфія чалавека, якую ўявіць сабе, шчыра, цяжка. Гісторыя Пятра Бітэля – гатовы сцэнар для шматсерыйнага фільма-драмы пра лёс аднаго беларуса, які перажыў дзве вайны, тры ўлады, цудам пазбегнуў Катыні, ратаваў беларускіх дзяцей ад вывазу ў Нямеччыну, стаў святаром, каб захаваць сям’ю ад голаду, прайшоў сталінскія лагеры і ўрэшце стаў настаўнікам, пра што марыў яшчэ ў гады юнацтва ў Беларускай Віленскай настаўніцкай семінарыі. Бітэль пакінуў пасля сябе стос твораў і перакладаў на беларускую мову з польскай, нямецкай, расейскай, украінскай, латыні ды інш.

Замест сухой біяграфіі паспрабуем уявіць, як бы выглядалі ўрыўкі серый для фільма пра Пятра Бітэля, які цалкам заслужана мог бы называцца «Выгнаннік».

Серыя 1. Ленін замест Хрыста

Вайна. Калужскі вакзал. Навокал мітуслівы натоўп. Маці моцна сціскае руку маленькага Пятра, які зацікаўлена разглядае вялізныя цягнікі. Раптам яна заўважае мужчыну ў цёмным кіцелі з бліскучымі гузікамі. Гэта тата! Ён – тэлеграфіст, таму эвакуяваўся пазней, але знайшоў сваю сям’ю ў Калузе. Далей Масква, Чарапец, Белазерск. Ідзе 1917 год.

У паштовым аддзяленні Сухач Белазерскага ўезда, дзе працаваў пэўны час тата, працаўнікі пошты здымаюць са сцяны партрэт цара і абраз з выявай Хрыста, на іх месца вешаюць партрэты Леніна і Троцкага.

Дом і сям’я Бітэляў. Фота з кнігі “Галасы разбуджаны птушак”/Белсат

Далей вяртанне. Канец 1921 г. Дзедаўская хата стаіць ужо ў новай дзяржаве – польскай. У ёй новыя гаспадары – пяцёра суседзяў, хаты якіх згарэлі ў часе вайны. Новая ўлада не прымае бацьку на працу. Маленькі Пётрык ідзе ў школу, дзе не разумее ані слова па-польску. Але хлопец стараецца і з часам даганяе іншых. Пра здольнасці Пятра яго настаўнік размаўляе з бацькам і раіць працягваць вучобу. Хлопца аддаюць у Барунскую настаўніцкую семінарыю. Урок малявання і ручной працы выкладае Тамаш Багушэвіч, сын славутага Францішка. Пётр усімі сіламі стараецца добра вучыцца, каб атрымаць у наступным годзе такую неабходную стыпендыю. Аднак рабіць гэтага няма дзе і як. У хаце сваякоў, дзе жыве хлапчук, не гарыць святло, каб рыхтавацца да заняткаў, і пад печчу зімуюць куры. За печчу ў цёмным куце на бульбе расклаўшы сеннічок туліцца хворы і галодны Пётр.

Серыя 2. Выпускнік з Вільні

1931 год. Польшча перажывае гады крызісу. Пётр Бітэль – ужо выпускнік Беларускай Віленскай настаўніцкай семінарыі, у якую яго накіравалі пасля закрыцця семінарыі ў Барунах. 19-ці гадовы юнак бадзяецца з вёскі ў вёску без працы. Зрэдку яму выпадае магчымасць замяняць захварэлых настаўнікаў. І так некалькі гадоў. 1935 год – першая сур’ёзная пасада. Пятра накіроўваюць у вёску Даўгінава працаваць загадчыкам пачатковай школы. Умовы складаныя.

Ужо дарослы Пётр туліцца разам з жонкай і дзвюма дочкамі ў цеснай хаце пісьменніка Алеся Бажко, які і сам мае траіх дзетак. Аднак жыццё паціху наладжваецца.

Пётра Бітэль на сваім падворку разам з зяцем і Львом Мерачыцкім. Фота з архіва Міхася Казлоўскага/Белсат

Пётр сябруе разам з іншымі маладымі настаўнікамі, ладзіць з імі беларускія вечарыны, спартыўныя гульні, ставіць п’есы. 1937 год. Прыходзіць загад цалкам прыбраць беларускую мову, а навучанне весці выключна па-польску. Год 1939. Пётр Бітэль атрымлівае мабілізацыйную павестку на вайну.

Серыя 3. Менск, Масква, Арзамас, Валожын

1939 год. Недалёка ад Берасця польская армія, заціснутая з абодвух бакоў нямецкімі і савецкімі войскамі. Пётр Бітэль ваюе ў званні лейтэнанта. У пэўны момант ён губіць свой афіцэрскі шынель і апранае звычайны шынель жаўнера. Хутка ён трапляе ў палон савецкай арміі. На вакзале ў Берасці разам з іншымі жаўнерамі яго запіхваюць у таварны вагон, які рушыць на ўсход.

У жудаснай цеснаце яны мінаюць Менск, Маскву, Арзамас. Канваіры час ад часу ўкідваюць у вагон ахапку салёнай траскі і ні кроплі вады. Страшная пакута да смагі. Ад нястраўнасці шмат хто не вытрымлівае і спаражняецца пад сябе.

Дом у Вішневе, дзе жыла сям’я Біэляў. Фота з архіва Міхася Казлоўскага/Белсат

У вагоне цесна і брудна, неймаверная колькасць вошай. За Арзамасам вагон спыніўся і пасля начнога допыту палову жаўнераў пагналі ў невядомым кірунку. У той жа дзень канваіры дапоўнілі вагоны польскімі ваеннапалоннымі, якія сядзелі ў манастыры, і абвясцілі, што вяртаюць палонных дамоў. Цягнік пакідае Расею. Адчыніўшы дзверы, жонка Ніна не адразу пазнае аброслага, бруднага і змардаванага мужа. Праз нейкі час Пётр пачынае працаваць дырэктарам школы ў Валожыне.

Серыя 4. Арышты

З пачаткам лютага 1940 г. пачынаюцца арышты настаўнікаў. У якасці пратэсту вучні 9-га класу вырвалі з рамы партрэт Сталіна і пракалолі яму вочы пяром. Сарваны партрэт знаходзіць піянерважатая і бяжыць у аддзел НКВД.

Усіх 11 вучняў класу арыштоўваюць і вывозяць у невядомым кірунку. Дырэктар кожны дзень чакае зняволення. Аднак праз некалькі тыдняў Валожын акупуюць нямецкія войскі. Рэшткі польскай адміністрацыі пачалі выдаваць фашыстам усіх, хто займаў якую-небудзь пасаду пры саветах. Пётр Бітэль разам з сям’ёю спрабуе схавацца.

Пётр Бітэль. Фота з архіва Міхася Каслоўскага/Белсат

Але да ўлады ў акупаванай Беларусі прыходзіць Вільгэльм Кубэ, які праводзіць нацыяналістычную палітыку для беларусаў. У раёне начальнікам робіцца Кастусь Касяк, які нанова адчыняе беларускія школы і вяртае Пятра разам з сям’ёю. У якасці настаўніка ён дапамагае зарганізаваць гандлёвую школу ў Валожыне, каб засцерагчы дзяцей і моладзь ад вывазу ў Нямеччыну.

1944 год. Па падазрэнні ў сувязях з партызанамі Пятра разам з сям’ёю вывозяць у Нямеччыну. На станцыі Пясэчна цягнік трапляе ў аварыю. Бітэль выкарыстоўвае момант ды разам з жонкай і дзецьмі ўскоквае ў пасажырскі цягнік на Варшаву.

Там яны трапляюць у Беларускі нацыянальны камітэт, адкуль сям’ю накіроўваюць у Кашалін апекавацца 75 дзецьмі, вывезенымі з Беларусі.

Каб выжыць і здабыць ежу, усе няхворыя дзеці, якія ў стане працаваць, бадзяюцца па горадзе ў пошуках працы. Працуе і дачка Бітэляў. Усе спадзяюцца на вызваленне Чырвонай арміяй з-пад нямецкай акупацыі.

Серыя 5. Шлях да бога

Наступае Чырвоная армія, аднак надзеі дзяцей знішчаюцца тады, калі салдаты адбіраюць іхную апошнюю ежу. Адную з дзяўчат яны забіраюць у пусты пакой, дзе гвалцяць і забіваюць. Здабыўшы чатыры параконныя падводы, усадзіўшы дзяцей і рэчы, Бітэлі спрабуюць вывезці сіротаў. Дабраўшыся да Торуню, яны трапляюць у лагер для перамешчаных асобаў. 2 траўня 1945 г. Пятра мабілізуюць у войска. Дзяцей загружаюць у цягнік і вязуць на ўсход. Жонка Ніна з дзецьмі з цяжкасцямі дабіраецца да хаты. Па вайне Пётр таксама вяртаецца да сям’і, аднак мясцовыя ўлады не дазваляюць яму ўладкавацца на працу.

Сям’я ўжо з трыма дзецьмі галадае некалькі месяцаў. На дапамогу прыходзіць мясцовы святар, які раіць Пятру таксама падацца ў святары. Ад нечаканае прапановы Пётр адмаўляецца, але безвыходная сітуацыя прымушае яго пагадзіцца.

Жыровіцкі манастыр. Фота mapio.net

Былы настаўнік праходзіць падрыхтоўчыя курсы ў Жыровіцкім манастыры ды ў 1947 г. прымае сан. Пётр хутка прывыкае да новае ролі і стараецца як мага лепш духоўна служыць людзям. Спачатку ён служыць у вёсцы Міжэвічы, пасля чаго яго пераводзяць у Докшыцы Віцебскай вобласці. Аднак ужо на наступны, 1950 г. святара арыштоўваюць і пасля года ў менскай турме вывозяць у Сібір.

Серыя 6. Нумар Н-477

Пётр Бітэль ізноў едзе ў да жаху напханым людзьмі таварным вагоне. Гэтым разам яго завозяць у Кемераўскую вобласць у мясцовасць Ольжэрас – зону, акружаную калючым дротам з драўлянымі вышкамі для ахоўнікаў і баракамі ўсярэдзіне.

Арыштантам выдаюць зацяганыя бушлаты, целагрэйкі і ватнікі. Пятру чорнаю фарбаю выбіваюць ягонае новае імя – нумар Н-477. Кожны дзень – неймаверная праца: цяганне вялізных бярвёнаў, пілаванне жалезных шпалаў уручную ды іншае.

У сваёй брыгадзе ён сустракае двух землякоў – паляка, інжынера сусветнавядомага шклозаводу «Нёман» і 17-гадовага юнака з Дзятлава Лявона Мазуру.

Пасля прыбыцця хлопец просіць блатных выбіць яму на грудзях татуяванне з выяваю Пагоні. У ссылку яго забралі яшчэ ў 10-ым класе школы.

Юнак зарганізаваў падпольны беларускі гурток на знак пратэсту супраць русіфікацыі школы. Суполку заўважыў правакатар, якога пазней знайшлі забітым. Лявон узяў віну на сябе, але гэта не пазбавіла іншых вучняў пакарання. Жывы і энергічны беларускі хлопец адразу спадабаўся Бітэлю, і яны пачалі сябраваць.

Фота OZ.by

У пэўны момант аднаму з арыштантаў прыходзіць пасылка з томікам паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Пасля працы цэлая брыгада чытае Міцкевіча. Літоўцы цытуюць на памяць ягоныя вершы па-літоўску, а палякі – па-польску. Лявон не разумее гэтых моваў і просіць Пятра перакласці паэму. Бітэль бярэцца за працу, не зважаючы на пакаранні назіральнікаў, і некалькі першых частак запісвае на мяшках з-пад цэменту. Іншыя арыштанты з брыгады падтрымліваюць яго і адпрацоўваюць за перакладчыка ягоную норму за содні.

Лявон Мазура, з якім Пётр Бітэль адбываў пакаранне ў савецкім лагеры. Фота з кнігі “Галасы разбуджаны птушак”/Белсат

Пасля смерці Сталіна Пётр Бітэль вяртаецца дамоў, а Лявона Мазуру пераводзяць у іншы лагер. Бітэль спрабуе вярнуцца да працы святаром у Докшыцах, аднак улады патрабуюць публічнага адрачэння ад сану. Ён адмаўляецца, аднак з пасады святара яго прыбіраюць.

Пётр разам з сям’ёю вяртаецца ў Вішнева, дзе працуе настаўнікам беларускае мовы і літаратуры, а таксама нямецкае мовы. Настаўнік паралельна займаецца перакладамі твораў літаратуры ды сам піша вершы і апавяданні. Праз некалькі дзясяткаў гадоў яму тэлефануе Лявон Мазура, які знайшоў сябра праз Саюз беларускіх пісьменнікаў. Яны дамаўляюцца сустрэцца наступнаю восенню. Аднак Пётр Бітэль не дажыве да сустрэчы.

Магіла Пятра Бітэля разам з жонкай у Вішневе. Фота Васіль Малчанаў/Белсат

Ён памёр у 1991 г. у Вішневе ў веку 80 гадоў. Пётр Бітэль пакінуў пасля сябе пераклады твораў А. Міцкевіча, польскамоўныя паэмы і п’есы В. Дунін-Марцінкевіча, І. Франка, Ё. В. Гётэ, Ф. Шылера ды іншых. Рукапіс паэмы «Пан Тадэвуш», зроблены ў лагеры на мяшках з-пад цэменту, захоўваецца ў Музеі гісторыі беларускае літаратуры.

Артыкул падрыхтаваны на падставе ўспамінаў Пятра Бітэля, апублікаваных у альманаху «Куфэрак Віленшчыны» №5-2001, а таксама паводле ўспамінаў Міхася Казлоўскага.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары