Гісторыя «магілёўскага цунамі». У абласным цэнтры прайшла атмасферная экскурсія


У Магілёве прайшла першая экскурсія па месцах буйнейшага ў краіне «цунамі», на якой дэманстраваліся ўнікальныя фотаздымкі тых часоў. Сапраўдная тэхнагенная катастрофа адбылася на рацэ Дубравенка 77 год таму – 10 красавіка 1942 года. Экскурсію па слядах магілёўскага патопу правёў дырэктар музею гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў. Разам з ім на пытанні магілёўцаў адказваў краязнаўца Аляксандр Капёнкін.

Вышыня насыпу ў год трагедыі скаладала 32 м

Экскурсія прайшла ў пойме рацы Дубравенка ў самым цэнтры гораду. Катастрофа адбылася ля высокага насыпу, наверсе якога пракладзена жалезная дарога, а ўнізе – труба для ракі.

Як выглядаў насып у 1942 годзе – фота з калекцыі Алега Давіда Лісоўскага

Перадумовы патопу

У ліпені 1941 года падчас абароны Магілёва насып пашкодзілі, трубу заваліла зямлёй. Прапускная магчымасць трубы знізілася і вада пачала назапашвацца. Катастрофа нагняталася 9 месяцаў і за гэты час ніхто яе не перадухіліў.

Паслухаць пра вялікі патоп на Дубравенцы сабралося багата народа. У экскурсіі ёсць вялікі патэнцыял

Увосень 1941 года Магілёў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У горадзе існавалі нямецкія органы кіравання, якія не маглі вызначыць, хто мусіць развязваць праблему з ракой. Час ад часу рабіліся малапаспяховыя спробы расчысціць трубу.

Вада не была своечасова спушчана і назапасілася да крытычнай сітуацыі

Дзень катастрофы 10 красавіка

У красавіку 1942 года праблемай даручылі займацца нямецкім спецыялістам-сапёрам. Яны прасвідравалі тры адтуліны ў насыпу, каб хоць трошкі спусціць ваду, але гэтага не хапіла, вада сыходзіла марудна.

На фотаздымках, зіробленых немцамі, добра бачны маштаб трагедыі

10 красавіка сапёры зрабілі невялікі выбух, каб зняць верхнюю частку насыпу. І менавіта гэты выбух і прывёў да ўсёй трагедыі. Самі спецыялісты сталі першымі ахвярамі патопу. Вада хлынула ўніз у пойму ракі і знесла ўсё на сваім шляху: дамы, дрэвы, людзей. Першы вал вады дасягаў 10-15 метраў. Стыхія бушавала прыкладна 20 хвілін. Калі вада сышла, уся пойма ракі аказалася засыпаная пяском.

Як выглядае Дубравенка сёння

Каб зрабіць наступствы патопу больш нагляднымі, арганізатары экскурсіі дэманстравалі старыя фотаздымкі, зробленыя нямецкімі салдатамі. Гэтыя фотаздымкі выкупіў на інтэрнэт-аўкцыёнах ураджэнец Магілёва калекцыянер Алег Давід Лісоўскі.

Краязнаўца Аляксандр Капёнкін (у цэнтры) дэмантруе фотаздымкі 1942 года
За 77 год Дубравенка моцна змянілася

Успаміны сведкаў

На экскурсію прыйшла Софʼя Струнчанка, якой падчас патопу было 4 гады. «Дрэвы плылі, дамы плылі, каровы плылі. Людзі пайшлі ў лазню і яе таксама знесла. Гэта было вельмі страшна, людзі крычаць, але дапамагчы ім ніяк нельга. Як ты пойдзеш, калі такі патоп? Калі ўсё сціхла, на берагах чаго толькі не было, і швейныя машынкі, і мэбля – усё павыносіла з разбураных дамоў. Нехта браў гэта, нехта не браў», – кажа Софʼя Струнчанка.

Відавочца падзей Соф’я Струнчанка, на момант патопу ёй было 4 гады

Відавочцы ўзгадваюць, што хваляй знесла і Быхаўскі рынак, а гэта быў базарны дзень… Жыхароў Магілёва папярэджвалі пра магчымыя наступствы. Па радыё, у газетах распаўсюджвалася інфармацыя пра небяспеку. Літаральна перад самым патопам па Дубравенцы хадзілі немцы і прасілі людзей пакінуць гэтыя месцы. Але людзі да апошняга не верылі.

Экскурсія па Дубравенцы прайшла ў гадавіну патопу – 10 красавіка
Для магілёўцаў гісторыя пра цунамі – навінка. Лічыцца, што тэма доўгі час замоўчвалася
Фотаздымкі, зробленыя нямецкімі салдатамі. Іх выкупіў калекцыянер Алег Давід Лісоўскі

Дапамога пацярпелым

Ёсць версія, што Магілёўскае «цунамі» 10 красавіка 1942 года ўнесла жыцці двух тысяч людзей, але гісторыкі мяркуюць, што ахвяраў цунамі было ў 2 разы меней.

Па некаторых дадзеных, частка людзей змагла атрымаць кампенсацыю ад нямецкіх акупантаў у выглядзе матэрыяльнай дапамогі. Яна дасталася тым, чые дамы былі застрахаваныя. Сёння месца катастрофы ніяк не адзначана. Экскурсія па месцах патопу адбылася ў першы раз і дзякуючы «Фэсту экскурсаводаў».

Як выглядае Дубравенка сёння

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў