Гісторыя і спадчына Гомлю ідзе пад бульдозеры


Гомель – унікальны горад з пункту гледжання архітэктуры. Гомельскія дзеячы яшчэ ў савецкія часы пачалі казаць, што ў горадзе ўнікальная і цікавая драўляная архітэктура. Што яе трэба абавязкова захоўваць і, калі надаць ёй трошкі ўвагі – не запускаць яе і прывесці ў добры стан, то яна магла б стаць эстэтычным упрыгожваннем для цэнтру гораду.

Драўляная архітэктура Гомля вельмі складаная і мае разнастайны дэкор, але ў той жа час дамы не перагружаныя упрыгожваннямі, як напрыклад, у некаторых гарадах Расеі. Менавіта ў гэтым і адлюстроўваецца густ нашых продкаў.

«Але чыноўнікі не заўважаюць гэтага. Ім цяжка разглядзець прыгажосць і каштоўнасць будынкаў, якія не фарбаваліся і не рамантаваліся дзесяцігоддзямі. І калі за апошнія некалькі год самыя лепшыя ўзоры драўлянай архітэктуры ў цэнтры гораду былі знесеныя пад самыя простыя танныя панэльныя дамы, стала зразумела, што на сітуацыю ніяк немагчыма паўплываць. Таму і з’явілася ідэя стварыць фільм, у якім хацелася падвесці вынікі шматгадовай працы, якая была накіраваная на захаванне драўлянай архітэктуры Гомля», – кажа рэжысёрка фільму Марыя Булавінская.

На жаль, за апошнія 5 гадоў знеслі большасць самых цікавых будынкаў. Зразумела, што забудоўшчыкі лічаць грошы, а не клапоцяцца пра спадчыну. А гэтыя будынкі жывыя – іх сцены захоўваюць гісторыю, яны памятаюць некалькі пакаленняў гамельчукоў. На шчасце, ёсць людзі, якія разумеюць усю каштоўнасць старых дамоў.

Дом на вул. Гагарына, 11 падчас зносу ў 2018 г.

Краязнаўцы Андрэй Скідан і Яўген Малікаў робяць усё магчымае, каб захаваць гэты скарб.

«Любы дом – гэта цэлая гісторыя, цэлы космас. Асабліва гэта разумееш у кінутых і нежылых дамах. Калі ты заходзіш, ты бачыш россып калісьці вельмі дарагіх камусьці фотаздымкаў. А цяпер яны на падлозе рассыпаныя веерам ляжаць, а на іх брудны след якога-небудзь выпадкова зайшоўшага туды чалавека», – расказвае гісторык Андрэй Скідан.

Скрыншот з рэпартажу «Бяздомны горад»

А на фотаздымках людзі, якія жылі, кахалі, жаніліся, нараджалі дзяцей. Гэтыя дымкі раскрываюць цэлую гісторыю.

«Тут гуляе скразняк, выбітыя шыбы, бруд, павуцінне… Тады, з аднаго боку, ты разумееш наколькі мізэрным з’яўляецца твае жыццё, а з другога, наколькі важным ёсць захаванне памяці», – кажа Скідан.

У сённяшняй сітуацыі важна не дапусціць, каб усе дарагія кавалкі зямлі ў цэнтры гораду былі забудаваныя. А калі гомельцы змогуць адстаяць іх, то там у перспектыве можна будзе ўсё аднавіць, няхай і з новай функцыяй. Для гэтага ўсё ёсць: архіўныя матэрыялы, грунтоўныя даследаванні, аўтэнтычны дэкор старых дамоў.

Прадпрымальніца Наталля Астаніна лічыць, што на незабудаваных пляцоўках у цэнтры гораду, акурат можна аднавіць старыя дамы і стварыць музей пад адкрытым небам.

3D рэканструкцыя дамоў Гомля ў межах канцэпцыі культурнага кварталу «Свісток». Крыніца: drewa.by, Сяргей Ляпін

У ратавальнікаў драўлянай архітэктуры Гомля сфармавалася кола прыхільнікаў і паслядоўнікаў. Напрыклад, нядаўна быў створаны сайт drewa.by, на якім назапашваецца інфармацыя пра драўляную архітэктуру Беларусі. Кожны ахвочы можа яго папаўняць. І стварэнне такога каталога драўлянай архітэктуры будзе карысным для ўсёй Беларусі, бо калі-небудзь усё ж паўстанне неабходнасць у адраджэнні прыкладаў старадаўняй драўлянай архітэктуры.

Пра тое, якім чынам ратуюць драўляную архітэктуру Гомля, што яшчэ не здолелі знесці і як гэта можна захаваць, глядзіце рэпартаж Марыі Булавінскай «Бяздомны горад».

«Бяздомны горад», рэж. Марыя Булавінская

Стужка навінаў