Гісторыя амаль невідушчага юрыста з ДЦП: дапамагае шматдзетным, адсуджвае кватэры


Гарадзенец Яўген Жукаў атрымаў сярэднюю адукацыю толькі ва ўзросце 27 гадоў. А пасля змог вывучыцца на юрыста і нават атрымаць ступень магістра. Пры гэтым Яўгена не ўзялі працаваць у пракуратуру і пакуль ствараюць перашкоды, каб ён атрымаў ліцэнзію адваката. Але чалавек настолькі таленавіты, што і без ліцэнзіі за бясплатна дапамагае канкрэтным людзям развязваць сур’ёзныя праблемы.

Напрыклад, шматдзетны тата Дзяніс Алізаровіч здолеў паставіць на месца свайго несумленнага працадаўцу, а яшчэ адна жанчына з Таварыства інвалідаў здолела пасля кансультацыяў з Яўгенам захаваць сваю кватэру.

Яўген Жукаў стаўся адным з герояў выдання ток-шоу «Кожны з нас» пра настойлівых людзей з інваліднасцю, якія спрабуюць зрэалізавацца, нягледзячы на перашкоды.

У студыі прагучалі і іншыя неверагодныя натхняльныя гісторыі беларусаў з інваліднасцю. Вова Ліс стварае музыку толькі з дапамогаю рухаў галавы і вачэй, да яго завітаў DJ Arston – вядомы ў Еўропе беларускі музыка.

Гучыць і гісторыя Яна Яршова, які тройчы перанёс кардыялагічныя аперацыі, але нядаўна яго ўраз пазбавілі групы інваліднасці. Як так выйшла?

Вядомая беларуская дызайнерка вопраткі Каця Цікота стварае камфортнае адзенне для людзей на вазках.

Ксенію Шталянкову бацькі ў дзяцінстве аддалі ў звычайную школу. Дзякуючы гэтаму дзяўчына на вазку сёння паспяхова рэалізоўвае свае таленты як пісьменніца, дызайнерка і выкладчыца ў ЕГУ!

Ток-шоу «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і на нашай старонцы. Падпісвайцеся на YouTube-канал «Кожны з нас».

Глядзі таксама
Каментары