Гісторыкі: паланізацыя – у значнай ступені міф


Ці слушна наракаць на паланізацыю ў Рэчы Паспалітай, гісторыкі разважаюць у новым выданні гістарычнага ток-шоу «Intermarium».

Сучасныя беларускія землі сталі часткай Рэчы Паспалітай пасля падпісання Люблінскай уніі паміж Вялікім княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім у 1569 годзе.

Святлана Куль-Сяльверстава. Фота belsat.eu

Паводле доктара гістарычных навук Святланы Куль-Сяльверставай, польская мова ў Рэчы Паспалітай выконвала тую ж функцыю, што ў свой час у Заходняй Еўропе – лацінская. Гэта была афіцыйная мова зносінаў. А назва «паляк» азначала не нацыянальнасць, а прыналежнасць грамадзяніна да дзяржавы – Рэчы Паспалітай.

«Давайце шчыльненька прыглядзімся да тэрміна «паланізаваны». У значнай ступені гэта міф. Паланізаваны чаму? Таму што па-польску гаварыў? Тады давайце гаварыць пра Еўропу «лацінізаваную». Таму што ён гаварыў пра сябе «паляк»? Дык гэта быў не этнонім, а палітонім. Прычым які быў вельмі моцна распаўсюджаны і ўведзены Расеяй. Калі мы возьмем дакументы ўсіх, хто жыў у Рэчы Паспалітай, яны [расейцы – рэд.] не называлі ліцвінамі, яны называлі палякамі. Які-небудзь Афанасій Лось з-пад Віцебску – напісана: паляк. Таму што ён быў узяты ў палон на тэрыторыі Рэчы Паспалітай».

Святлана Куль-Сяльверстава паходзіць з Горадні, сёння яна – прафесар Беластоцкай палітэхнікі. З ёй пагаджаецца доктар гісторыі, прафесар Клайпедскага ўніверсітэту (Літва) Валдас Ракуціс:

«Паланізацыю ніхто адмыслова не праводзіў. Гэта ўнутраны працэс. Ёсць такі тэкст: «Мы, літоўцы, як добрыя палякі…» То бок яны ў той час разумелі, што ўвесь гэты народ Рэчы Паспалітай называўся палякамі, якія ўнутры падзяляюцца на ліцвінаў (жыхароў тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага – рэд.) і «караняжы» (польская назва ад слова «карона», так звалі жыхароў Каралеўства Польскага – рэд.). То бок – па тэрыторыі».

Валдас Ракуціс. Фота belsat.eu

Валдас Ракуціс звяртае ўвагу, што паланізацыя пачалася толькі ў ХІХ ст. Тады ж, паводле Святланы Куль-Сяльверставай, сфармавалася ліцвінства – як самасвядомасць, культурны канон і культурны код. Якім чынам яно адносіцца да беларусаў? І прычым тут Тадэвуш Касцюшка і Адам Міцкевіч? Глядзіце ў новым выданні «Intermarium» (відэа вышэй).

Глядзець іншыя выданні ток-шоу «Intermarium»

ІА, belsat.eu, на перадпраглядзе – карціна Яна Матэйкі «Люблінская унія» (1869), крыніца: wikipedia.org

Стужка навінаў