Гісторыкі мяркуюць, што ў Полацку знайшлі магілу бацькі Еўфрасінні Полацкай


Падчас раскопак каля Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку знойдзены унікальны падземны храм-пахавальня, якому няма аналагаў на ўсёй усходнеславянскай прасторы. Гісторыкі зрабілі выснову, што падземны храм прызначаны для пахавання аднаго чалавека, які быў надзвычай важны для Еўфрасінні Полацкай.

Гісторыкі, сярод якіх Яўген Торшын, загадчык сектара архітэктурнай археалогіі Дзяржаўнага Эрмітажа з Санкт-Пецярбургу выказвае меркаванне, што тут быў пахаваны полацкі князь Георгій Усяславіч, сына Усяслава Чарадзея і бацька Еўфрасінні Полацкай, паведамляе сайт Полацкага дзяржаўнага універсітэту.

Фота: psu.by

«Тут храм цалкам пагружаны ў зямлю і прызначаны для пахавання адной асобы. Верагодна, што гэты чалавек быў вельмі важны для заснавальніцы манастыра Еўфрасінні. Прымаючы пад увагу яшчэ шэраг момантаў, хутчэй за ўсё, мы знайшлі месца пахавання полацкага князя – Георгія Усяславіча, бацькі Еўфрасінні Полацкай! Мы, вядома не ведаем, ці знойдзем мы яго парэшткі, бо ніша цяпер закладзена каменным мурам. Зроблена гэта было значна пазней, чым пабудавана само пахавальнае збудаванне. І, магчыма, гэта было зроблена ў той момант, калі гэтая пабудова апынулася разбуранай, і было прынята рашэнне, напрыклад, аб перанясенні гэтых мошчаў. Тады нас будзе чакаць расчараванне. Але, прынамсі, мы застанемся пры думцы, што тут месца пахавання Георгія Усяславіча. Канечне, нам хацелася б знайсці яго самога. Час пакажа!», – падзяліўся сваімі думкамі Яўген Торшын.

Фота: psu.by

Унікальнасць гэтага падземнага храма ў тым, што падобных падземных пахавальных збудаванняў на тэрыторыі Старажытнай Русі практычна няма. Існуе толькі адзін прыклад – гэта так званая царква-пахавальня ў Чарнігаве. Але і яна істотна адрозніваецца ад апошняй знаходкі гісторыкаў.

Раскопкі ў старажытным горадзе ініцыяваныя Полацкім дзяржаўным універсітэтам. Штогод гісторыкам удаецца знайсці ўнікальныя знаходкі, сярод якіх пячатка Еўфрасінні Полацкай, старажытную плінфу з выявай храму, які не захаваўся да нашых дзён.

Яшчэ па гэтай тэме:

Загадкі беларускай гісторыі
«Ад Полацка пачаўся свет…» і Уладзімір Арлоў
2018.09.03 19:00

СК, belsat.eu

Стужка навінаў