Гісторыка Святлану Куль-Сільвестраву звальняюць з гарадзенскага ўніверсітэту


Доктару гістарычных навук Святлане Куль-Сільвестравай не працягнулі кантракт з-за «малой публікатарскай дзейнасці». Што праўда, за апошнія пяць год выходзіць чацвёртая ейная кніга.

Папярэдні кантракт спадарыні Куль-Сільвестравай сканчаецца 29 снежня. Як афіцыйную прычыну яе звальнення называюць няпоўную адпаведнасць пасадзе, падставай для якой стала малая публікатарская дзейнасць. У мінулым годзе гісторык працавала на паўтары стаўкі. У гэтым свядома пайшла на 0,25, бо ведала, што яе звольняць.

«Кажуць, не адпавядаю. Гэта радуе. Цяпер адпавядаць універсітэту ў Горадні – гэта сорам. Там быў такі дурдом і гулаг, што нармальнаму чалавеку не вытрымаць. Выкладчыкі былі як рабы ў адміністрацыі, дзікая бюракратыя і непавага да навукі. Гэта адбывалася менавіта апошнія два гады, як пайшоў Ярмусік з дэканства, стала зусім невыносна. За працу ў гэтым універсітэце не трымалася – гэта ўжо не мой універсітэт. Тое, што стваралася 35 гадоў, знішчылі за тры гады», – Святлана Куль-Сільвестрава кажа пра сваё звальненне з палёгкаю.

Яна чытала ўнікальны для Беларусі курс беларускага скорапісу і беларускай гістарычнай храналогіі. У апошнія месяцы кансультавала калегу, каб перадаць яму свае веды. Мяркуе, што перадала.

Спадарыня Святлана ўжо шэсць год працуе ў Беластоку на факультэце кіравання Політэхнічнай Акадэміі. Яна па-польску выкладае гісторыю архітэктуры і мастацтва, гісторыю культуры, два невялікіх курсы, звязаныя з эканомікай турызму, кіруе магістрантамі, вядзе магістарскі семінар. Запэўнівае, што заробку ёй хапае на жыццё. Гаворыць, галоўнае, каб хапіла на кнігі паэзіі, якія яна друкуе за свае сродкі.

«Цяпер нарэшце свабода! Я цяпер зноў пачну пісаць вершы. Яны заўсёды са мной. Увесну выйдзе новая кніга паэзіі», – не крые спадзяванняў гісторык.

Нядаўна выкладчыца аддала ў друк манаграфію «Беларускі час. Летазлічэнне ў Беларусі са старажытнасці да сучаснасці». Гэта першая кніга па гістарычнай храналогіі ў беларускай гісторыяграфіцы. Навуковец цікавіцца тэмай часу. Наступная кніга, над якой яна працуе разам з калегам Андрэем Кіштымавым, датычыцца гадзіннікаў ды гадзінаў.

Сёлета спадарыня Святлана дасягнула пенсійнага ўзросту, але спадзяецца дапрацаваць у Беластоцкай Акадэміі да «польскай пенсіі». У перспектыве плануе заняцца вывучэннем гістарычнай метралогіі.

У хвалю звальненняў раней трапілі многія іншыя выкладчыкі гарадзенскага ўніверсітэту, сярод якіх Іна Соркіна, Вячаслаў Швед, Андрэй Чарнякевіч, Ігар Кузьмініч, Вольга Сабалеўская.

Настасся Фрода

Стужка навінаў