Гісторыі беларусаў, якія сутыкнуліся з каронавірусам

Эпідэмія каронавіруса набірае абароты па ўсім свеце. Сотні тысячаў хворых і дзясяткі тысячаў памерлых. Большасць краінаў робіць сур’ёзныя захады супраць віруса. Беларусь жа пакуль – не. Што кажуць беларусы, якія сутыкнуліся з каронавірусам, і ці праўдзівыя лічбы нам паведамляюць улады?

Таццяна Яфрэмава падчапіла вірус у Мілане якраз у тыя дні, калі яшчэ ніхто не ведаў пра эпідэмію. А імпрэзы моднай індустрыі праходзілі ў звычайным парадку.

«Вярнуўшыся ў Беларусь, я была ў стане прастуды: тэмпература 37, нос закладзены… Першы тэст быў адмоўны, але потым мне паведамілі, што вынікі сумнеўныя. І тут усё пачалося, – кажа спадарыня Таццяна. – У мяне гэта працякала як прастуда. Вядома, я кашляла. Прыслухоўвалася да кожнага руху свайго арганізму. Трапіўшы ў такія абставіны, першы час мне было страшна і за сябе, і за родных, і за ўсіх, з кім я кантактавала».

Не менш эмацыйна выказваюцца нашыя землякі, якія сядзяць на каранцінах у Італіі, Нямеччыне, Канадзе, Іспаніі ды іншых краінах, дзе каронавірус штодня забірае сотні жыццяў.

Пад гукі сірэнаў і відэа з пустымі паліцамі ў крамах беларусы замежжа апавядаюць пра надзвычайнае становішча, штрафы парушальнікам каранціну, інфікаванне COVID-19 высокіх дзяржаўных асобаў ды асабістыя трывогі.

«Напэўна, людзі саромеюцца прызнаць, што ў іх каронавірус, адчуваюць сябе пракажонымі…»

Звычайныя беларусы, якія ў рознай ступені сутыкнуліся з каронавірусам, дзеляцца меркаваннямі пра магчымыя прагалы ў захадах для барацьбы з распаўсюдам інфекцыі.

Лідар аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка адправіў у шпіталь дачку Маргарыту – студэнтку БДУ, якая аказалася кантактам другога ўзроўню. Што праўда, каронавірус у яе не пацвердзілі.

«Калі б студэнтаў адправілі на каранцін, як толькі стала вядома пра першага носьбіта каронавіруса ў Беларусі [студэнта з Ірану. – Заўвага belsat.eu], то мая дачка не была б у больніцы, – эмацыйна выказваецца спадар Шумчанка. – Яна была ў 16-й з ліку «хуткай», а ззаду яшчэ 54 машыны. Падумайце нават пра эканамічныя фактары. Таму трэба прызнаць, што момант з каранцінам мы прамаргалі».

У ранейшых выданнях ток-шоу «Кожны з нас» мы апавядалі гісторыю беларускай студэнткі, якая вярнулася ў Менск з Шанхаю ды не здолела дабіцца тэсту на каронавірус у нашым Нацыянальным аэрапорце. Як аказалася, трывога была абгрунтаваная.

«Высветлілася, што праз менскі аэрапорт у Казахстан праехалі замежныя грамадзяне, якія былі носьбітамі віруса. У наш аэрапорт іх пусцілі, а ў іншую краіну – не, – падкрэслівае палітык Ганна Канапацкая. – Можа быць, нашыя адкрытыя межы граюць на руку «Белавіі», якая не страчвае грошай, але затое нашая дзяржава будзе траціць грошы на пошуку кантактаў».

Каронавірус ужо ў Беларусі. Што рабіць?

Нягледзячы на паніку ў сацсетках, жыццё на вуліцах нашых гарадоў віруе. Гэта здзіўляе журналіста «Белсату» Алеся Сіліча, які нядаўна вярнуўся з Бельгіі.

«Я заходжу ў беларускі банк – сядзіць натоўп народу, жанчына чхае. Супрацоўнікам банку ўсё роўна, людзям усё роўна, жанчыне ўсё роўна, – абураецца Алесь Сіліч. – Пра што тут можна казаць? Пакуль ты сам не будзеш выконваць нейкіх правілаў і найперш трымаць дыстанцыі з іншымі людзьмі, ніякія загады, ніякія меры не дапамогуць».

Мянчук Багдан Швайбовіч расказвае, як дваіх ягоных суседзяў з пад’езду забралі ў шпіталь з падазрэннем на каронавірус. Якія насамрэч аналізы ў «падазраваных», ён дасюль не ведае.

«Напэўна, людзі саромеюцца прызнаць, што ў іх каронавірус, – выказвае здагадкі спадар Багдан. – Яны адчуваюць сябе пракажонымі. Я як адказны чалавек вырашыў прытрымаць сваіх дзяцей у каранціне, каб не пусціць гэтага віруса далей…»

Ці праўдзівыя лічбы нам паведамляюць улады?

Высокапастаўленыя беларускія медыкі падчас выступаў у медыях кажуць, што цалкам кантралююць сітуацыю.

Паміж афіцыйнымі лічбамі ў Заходняй Еўропе і Беларусі – прорва. Ці хаваюць ад беларусаў праўду?

«Асабіста я і мае калегі ў больніцы ставім дыягназы такія, якія яны ёсць», – запэўнівае загадчык дыягнастычнага аддзялення Менскай гарадской інфекцыйнай больніцы Ігар Гуцалюк.

На момант запісу праграмы, паводле спадара Гуцалюка, у Менскай гарадской інфекцыйнай больніцы смяротных выпадкаў не было.

Доктар дае зразумець, што каронавірус – падступная інфекцыя, якую няпроста дыягнаставаць. Таму выявіць усе да аднаго выпадкі і паведаміць пра іх немагчыма.

Мінздароўя агучыла новыя лічбы па каронавірусе

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Hавiны