Гісторыі беларусак: большасць схілілі да аборту іх мужчыны


Шчырыя гісторыі васьмі жанчын, якія перажылі аборты, з новага выдання ток-шоу «Кожны з нас».

Ядвіга

Нашай першай гераіні – 65 год. І за сваё жыццё, яшчэ за савецкім часам, яна зрабіла чатыры аборты.

«У той час была жанчына-стаханаўка, жанчына-герой працы. Жанчына мусіла рабіць кар’еру. Муж ніколі не падтрымліваў нараджэння дзяцей. Душа [пасля абортаў] настолькі маялася, што я спрабавала прымаць і алкаголь, і цяжкія антыдэпрэсанты, не спала начамі, [сніліся] кашмары. Увесь час думаю пра гэтых дзяцей. Што чакае сустрэча з імі там. Што я ім скажу? Чаму я гэта зрабіла?».

Антаніна

За 36 год жыцця яна вырашылася на аборт толькі аднойчы: у свае 18.

«Муж быў на два гады маладзейшы і сказаў, што не гатовы [мець дзіця]. Гэта такое неперадавальнае пачуццё, калі кавалак цябе адарвалі і выкінулі. Я зразумела, што зрабіла няправільна, ужо назаўтра. Зразумела, што не тых людзей слухала. Потым мы з мужам падраслі і ўжо захацелі дзіця. І калі другі раз я зацяжарала, дзіця памерла ўнутры мяне на трэцім месяцы. Я дагэтуль упэўненая, што гэта было пакаранне за мой першы неабдуманы, так сказаць, дзіцячы ўчынак».

Кацярына

У свае 23 яна паспела зрабіць аборт ужо двойчы.

«Калі б не мая жыццёвая сітуацыя, я б напэўна, пакінула дзіця. Але ў мяне вельмі цяжкі перыяд у жыцці. З мужам пастаянныя праблемы, сваркі, скандалы. Таму вырашыла, што пакуль няварта, трэба пачакаць, пакуль усё не залагодзіцца. Мужу было, у прынцыпе, абыякава. Успамінаючы і задумваючыся: хто б гэта мог быць – дзяўчынка ці хлопчык – па начах плачу. Неяк не па сабе на душы. У будучыні, напэўна, не згаджуся на такі ўчынак».

Дзіяна

Чацвёртая гераіня ток-шоу, Дзіяна, першы раз зацяжарала ў 18 год.

«Як на гэтую інфармацыю адрэагаваў ваш малады чалавек?» – пытаемся. «Ён знік. З’ехаў. На фоне цяжарнасці ў мяне здарыліся панічныя атакі. У гэты момант нікога не было побач – ні мамы, ні сястры, ні таты. Яны мне сказалі: гэта твой выбар. І я зрабіла вакуум на пятым тыдні. Усведамленне таго, што я зрабіла, да мяне прыйшло пазней – калі сустрэла мужчыну і зацяжарала дачкой праз паўгода. Калі дачка нарадзілася, мне падавалася, гэта прыйшло тое маё дзіця. Была дэпрэсія. Я ўзгадвала тую цяжарнасць. Пачала прыходзіць думка, што я забіла чалавека».

Сёння Дзіянінай дачцэ – шэсць год, і ў яе ёсць брацік, якому споўніся годзік. Дзяцей Дзіяна выхоўвае адна: «А мяне ўсе кінулі». Але яна ні пра што не шкадуе, бо «дзеці – гэта шчасце».

Ірына

У 19 яна сама вучылася на акушэра-гінеколага і, канешне ж, ведала, што рабіць, каб не зацяжарыць. Але, як вядома, ніводзін метад не гарантуе 100-працэнтнай эфектыўнасці. Вырашыцца на тое, каб пакінуць дзіця, ёй дапамаглі мама і сяброўкі. Муж Васіль, які таксама прыйшоў у студыю, прызнаецца, што быў тады ў шоку і не ведаў што рабіць.

«Калі глядзець з пазіцыі сённяшняга дня, усю адказнасць я перанёс на жонку. Наступныя цяжарнасці мы ўжо планавалі», – распавёў ён.

Цяпер Ірына працуе ў Лагойскай раённай лякарні. У 2014 годзе яна першай у Беларусі публічна адмовілася рабіць аборты.

Вольга

Для яе з мужам цяжарнасць была чаканай. Але на першым жа УЗІ лекар сказаў, што ў яе шмат праблемаў і трэба рабіць аборт. Паколькі Вольга з мужам – веруючыя, гэты варыянт нават не абмяркоўваўся.

«Янка наш цудоўны пражыў восем дзён. Але калі б мне трэба было паўтарыць гэта, я б яшчэ раз праз гэта прайшла. Таму што вялікая розніца ёсць: зрабіць аборт, калі ведаеш, што дзіця будзе інвалідам, і вынасіць яго ў любові, чакаць з роднымі. Восем дзён з ім прабыць і пахаваць яго ў любові. Вялікая розніца», – тлумачыць Вольга ў студыі.

Аліна

Пра тое, што яна носіць дзіця, Аліна даведалася, калі была школьніцай. Нараджаць вырашыла пасля абмеркавання з мамай. З мужам яны развяліся ўжо праз паўгода. І Аліна з сынам Макарам пераехалі да мамы Дануты.

«Зрабілі б мы аборт. А далей што? Цяжкія думкі, цяжкі лёс. І я думаю, што я як мама ў старасці – а я спадзяюся, што дажыву да глыбокай старасці – пачула б не словы падзякі, а папрок. Я не хачу так», – тлумачыць сваю пазіцыю Данута.

Данута

Мама Аліны ў свой час таксама прыняла няпростае рашэнне: спадарожнік яе жыцця, калі даведаўся пра цяжарнасць, паставіў умову: або аддавай у дзетдом, або рабі аборт. І яна свой выбар зрабіла. «Вось ён», – гаворыць яна, паказваючы на Аліну, якая сядзіць побач.

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў