Гістарычная прамова Святланы Алексіевіч


 Моцных словаў пісьменніцы не было чутно на дзяржаўных тэлеканалах Беларусі. Аднак дзякуючы ініцыятыве грамадства і незалежных медыяў краіна мела магчымасць ганарыцца лаўрэаткай у жывым эфіры.

Кадры, што без перабольшання назаўсёды ўвойдуць у гісторыю Беларусі – першая нобэлеўская лаўрэатка нашай краіны.

«Дарагая Святлана Алексіевіч, шведская акадэмія віншуе вас і просіць прыняць нобэлеўскую прэмію года ў вобласці літаратуры з рук яго вялікасці караля», – кажа Пэр Вэстбэрг, прадстаўнік Шведскай акадэміі.

Гледачы дзяржаўных тэлеканалаў не пачулі ні гэтых словаў, ні прамовы нашай лаўрэаткі. Тэлеканал СТВ прысвяціў Святлане Алексіевіч амаль хвіліну ў сваім выданні навінаў. АНТ наважылася на сюжэт працягласцю ў больш, як у паўтары хвіліны. Яно і ня дзіўна, калі ажно трынаццаць хвілінаў у галоўным выпуску навінаў заняў матэрыял пра візіт кіраўніка Беларусі ў Туркменістан. Але беларусы нобэлеўскую ўрачыстасць пабачылі

«Мы гэтую падзею, гэтую зʼяву прапусціць проста не маглі, таму, што гэта хіба найбольш знакавае за апошнія колькі год… калі не за ўсё існаванне Беларусі – вось такі момант, калі адна з нас – грамадзянка Беларусі паднялася на самую вышэйшую вяршыню свету і можа адтуль штосьці сказаць. І ўвогуле – яна паднялася сама і падняла з сабою ўсю Беларусь. Як можна ігнараваць гэтую падзею – я ня ведаю», – зазначае Нортан, гарадзенская крама «Ц».

Дзясяткі кавярняў, бараў, ды культурніцкіх пляцовак па ўсёй Беларусі запрашалі праз сацыяльныя сеткі адсвяткаваць «Нобэля» разам. Людзі глядзелі афіцыяльную трансляцыю нобэлеўскага камітэту, ці эфір парталу TUT.BY, або адмысловае выданне нашага тэлеканалу. Магілёўская сямʼя Шкадуноў мяркуюць, што ігнараванне на афіцыйным узроўні толькі дадасць цікаўнасці да словаў беларускай лаўрэаткі.

«Народ будзе слухаць выступ Алексіевіч, у кагосьці зʼявяцца сумневы, захочацца магчыма штосьці пачытаць, захочацца, магчыма, глыбей унікнуць. Гэта створыць нейкую іншую сітуацыю ў галовах, душах, думках», – мяркуе глядачка нобэлеўскай трансляцыі Наталля Шкадун.

Дачка Наталлі пагаджаецца з маці: «Ну, не паказваюць, бо яна кажа непрыемную для нашых уладаў праўду. Праўду, каторую нешматлікія людзі нават цяпер не асэнсавалі. І пачуўшы яе шматлікія людзі пачнуць задавацца пытаннем – як так? Магчыма, яна кажа праўду? Магчыма, нашае тэлебачанне нам хлусіць? Магчыма наш прэзідэнт нам хлусіць?», – мяркуе Ганна Шкадун.

Святлана Алексіевіч прамаўляла калі ў Беларусі ўжо была ноч, пасля ўрачыстага банкету. Лаўрэатка ўзгадвала сваіх настаўнікаў – Адамовіча і Быкава, распавяла пра трагедыю мільёнаў людзей, якіх савецкая імперыя зляпіла ў зборную масу «Чырвонага чалавека». І адмысловую ўвагу прысвяціла постсавецкай Беларусі.

«Калі Беларусь атрымала незалежнасць, ужо вырасла некалькі пакаленняў. Кожнае з іх мела ўласную рэвалюцыю. Яны выходзілі на плошчу, яны хацелі жыць у вольнай краіне. Іх збівалі, адпраўлялі ў турмы, выганялі з інстытутаў, звальнялі з працы. Нашая рэвалюцыя не перамагла, але героі рэвалюцыі ў нас ёсць», – прамаўляе Святлана Алексіевіч, лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры.

Беларуская нобэлянтка падкрэсліла, што свабода, нягледзячы на чаканні беларусаў і жыхароў іншых постсавецкіх краінаў, апынулася не хуткім святам, а даўгім шляхам.

Апошнюю частку прамовы Алексіевіч агучыла па-беларуску, ды падзякавала нобэлеўскаму камітэту, за тое, што яны пачулі боль яе герояў.

Нашая нобэлеўская лаўрэатка прыляціць у Менск 15 снежня а 16.35. Ці будуць яе сустракаць афіцыйныя асобы – невядома, аднак неабыякавыя беларусы ўжо збіраюцца павіншаваць пераможцу.

Усевалад Шлыкаў, Belsat.eu

Стужка навінаў