Гіркін пра беларускія прапановы адносна Данбасу: «Лукашэнка стаў бы паліцаем. Парода такая»


Аляксандр Лукашэнка, калі б нарадзіўся ў іншы час, стаў бы ў немцаў старастай ці паліцаем, лічыць сімвалічная постаць «расейскага свету» і экс-камандуючы расейскіх баевікоў на ўсходзе Украіны ў 2014 годзе Ігар Гіркін «Стралкоў».

Такім чынам папулярны ў антыбеларускіх і антыўкраінскіх колах Гіркін, палкоўнік Федэральнай службы бяспекі Расеі ў запасе, ахарактарызаваў кіраўніка Беларусі ў адказ на агучаныя ім прапановы накіраваць беларускіх міратворцаў на Данбас.

 

Ігар Гіркін у захопленым Славянску. Кадр з відэа bm.img.com.ua

Зараз Украіна не кантралюе анексаваны Расеяй Крым і часткі Данецкай і Луганскай вобласцяў, якія занятыя расейскімі баевікамі. Праз непадкантрольную Украіне мяжу баевікі атрымліваюць ад Расеі кадравы персанал, танкі, іншую бранятэхніку, стралковую зброю, аўтатранспарт, паліва, патроны, снарады, ракеты, уніформу і медыкаменты.

Дзякуючы гэтай падтрымцы нікім у свеце не прызнаныя так званыя «ДНР» і «ЛНР» дагэтуль існуюць, і на ўсходзе Украіны працягваецца вайна.

Учора, 31 кастрычніка, Лукашэнка агучыў прапанову адправіць беларускіх міратворцаў у гэты рэгіён.

«Мы можам узяць на сябе адказнасць за забеспячэнне міру ў усходніх рэгіёнах Украіны і кантроль на расейска-украінскай мяжы. А таксама суправаджаць правядзенне выбараў на Данбасе, сыходзячы з таго, што гэтыя рэгіёны з’яўляюцца неадʼемнай часткай Украіны», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Менавіта на гэтыя словы Гіркін адрэагаваў абразлівай для чалавека з савецкімі стэрэатыпамі рэплікай:

«Лука? Да Бог з ім… Практычна ўпэўнены, каб ён нарадзіўся ў іншы час, то быў бы ў немцаў старастай ці паліцаем. Парода такая».

Раней Гіркін неаднаразова заяўляў, што Беларусь трэба пазбавіць незалежнасці і далучыць да Расеі. Такія ж меркаванні агучваліся актывістамі прарасейскіх арганізацый і груп у Беларусі, а таксама пэўнымі калякрамлёўскімі коламі, у тым ліку афіцыйнымі структурамі пры элітным Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных адносін.

Андрэй Бабініч, Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары