Гімназісты, якія ўзнялі бчб-сцяг у Пецярбургу, зняпраўджваюць, што ім пагражаюць


Інфармацыя пра запужванне і ціск з боку чыноўнікаў Менгарвыканкаму на школьнікаў і іх бацькоў з’явілася на «Нашай Ніве».

Паводле крыніцы nn.by, пасля ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе па матэматыцы ў Пецярбургу, вучняў гімназіі № 41 пачалі цкаваць.

«Як сцвярджаюць вартыя даверу крыніцы, у міністэрства выклікалі выкладчыкаў і зладзілі ім разнос. Што датычыць бацькоў, то выкладчыкі і чыноўнікі арганізавалі сапраўдны тэлефонны «флэшмоб»: з просьбай выдаліць фота і не даваць каментароў прэсе некаторым бацькам спачатку пазванілі з міністэрства, потым дырэктарка гімназіі, а потым класная.

Дырэктарка гімназіі №41 Марыяна Скакун падманвала дзяцей, кажучы, што «калі будуць працягваць – то адказнасць ажно да крымінальнай». Адной з дзяўчынак, якая ідзе на залаты медаль, настаўнікі паабяцалі, што калі яшчэ раз – не будзе медаля».

Belsat.eu звязаўся з адміністрацыяй гімназіі №41. Сакратарка паведаміла, што дырэктарка ўстановы Марыяна Скакун не на месцы, але інфармацыя пра пагрозы не адпавядае рэчаіснасці.

«Я вам нічога не магу пракаментаваць, дырэктарка таксама не будзе. Але ўсё гэта няпраўда».

У Міністэрстве адукацыі таксама не захацелі размаўляць на гэты конт.

«Калі хочаце спраўдзіць інфармацыю, званіце ў гімназію № 41», – сказала кіраўніца Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Святлана Уклейка і кінула слухаўку.

Вучань гімназіі № 29 паведаміў belsat.eu, што вымоваў ім не давалі і ніякім чынам не пагражалі.

«Вымовы не было, нас, наадварот, павіншавалі з дыпломам. У інтэрвʼю «Нашай Ніве» было напісана пра асобаў з непаважлівым меркаваннем пра нашую краіну і гісторыю, але гэта адзінкі. На турніры была дружалюбная атмасфера і пра палітыку гаворкі не ішло. Такой папулярнасці ніхто, натуральна, не чакаў.

Я не думаю, што факт прысутнасці нацыянальнага сцяга павінен быў набраць такія абароты. Любоў да гісторыі сваёй краіны не павінная станавіцца чымсьці незвычайным. Што датычыць выбару такога сцяга, дык гэта проста адсутнасць у той момант нашага дзяржаўнага».

Раней пра выезд вучняў распавядаў дырэктар гімназіі №29 Віктар Пшыкаў. Ён заявіў, што на вучняў не ціснулі.

Адкрыты турнір маладых матэматыкаў праходзіў у Санкт-Пецярбургу. Менскія юнакі з гімназіі № 29 бралі ўдзел у спаборніцтве пад бел-чырвона-белым сцягам. Такім чынам вучні хацелі паказаць, што Беларусь – асобная краіна, бо некаторыя жыхары Расеі мяркуюць, што Беларусь – частка РФ.

Цікава, што фота беларускіх гімназістаў з нацыянальным сцягам, размешчанае на старонцы расейскага фонду «Время науки» «УКантакце», сапраўды знікла.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў