Гімназістам, што выступілі на конкурсе матэматыкаў у Расеі пад б-ч-б сцягам, пагражаюць?


Паведамляецца, што юнакам прыгразілі больш не пускаць іх на турніры.

Інфармацыя з’явілася ў тэлеграм-канале «Пятая калонка».

«Кагосьці знялі, астатнім, хто да гэтага меў дачыненне, абвесцілі вымову і пазбавілі прэміі. Некаторыя сказалі, што Беларусь – усходні рэгіён Расеі. Вось яны і пастанавілі перахітрыць дзяцей».

Тэлеграм-канал «Пятая калонка»

Пазней у тым ж канале напісалі, што гэта можа быць дэзынфармацыя, бо так сцвярджае аднакласнік аднаго з пераможцаў.

Belsat.eu пастанавіў спраўдзіць супярэчлівую інфармацыю. Спачатку ўдалося звязацца толькі з прыёмнай навучальнай установы. Сакратарка скіравала нас да дырэктара, але той праводзіў заняткі.

«Я не магу даваць такой інфармацыі, трэба звяртацца да кіраўніцтва».

Пазней удалося звязацца з дырэктарам гімназіі № 29, і ён зняпраўдзіў гэтыя звесткі.

«Гэта не адзіныя нашыя здольныя вучні. Я кожнаму з іх паціснуў руку. Што датычыць сцяга, яны дарослыя ды самыя вырашаюць і адказваюць за свае ўчынкі. Я адказваю толькі за вучобу, таму я нікога не караў і не даваў вымоваў. Тое ж датычыць настаўнікаў: яны ехалі па загадзе аддзелу адукацыі Менскага гарвыканкаму, таму я не маю права даваць ім вымовы», – распавёў belsat.eu дырэктар гімназіі № 29 Віктар Пшыкаў.

Адкрыты турнір маладых матэматыкаў праходзіў у Санкт-Пецярбургу. Менскія юнакі з гімназіі № 29 бралі ўдзел у спаборніцтве пад бел-чырвона-белым сцягам. Такім чынам вучні хацелі паказаць, што Беларусь – асобная краіна, бо некаторыя жыхары Расеі мяркуюць, што Беларусь – частка РФ.

Цікава, што фота беларускіх гімназістаў з нацыянальным сцягам, размешчанае на старонцы расейскага фонду «Время науки» «УКантакце», знікла.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў