Гіганцкія тэрміны і «шасцёркі» за кратамі. Што не так з антынаркатычным заканадаўствам?




У Беларусі вядзецца зацятая барацьба з наркотыкамі. Больш за чатыры гады таму набыў моц дэкрэт № 6. Спайсы апынуліся па-за законам. Стаўку зрабілі на сілавое развязанне пытання: за наркотыкі сталі даваць тэрміны, як за забойства, а часам і большыя. Ці дало гэта жаданы эфект?

«2015 год: сілавікамі была вынятая тона наркотыкаў і псіхатропных рэчываў. 2018 год: 997,6 кілаграма наркотыкаў, 36,4 кілаграма псіхатропных рэчываў», – кажа журналістка «Еўрапейскага радыё для Беларусі» Анастасія Бойка.

Атрымліваецца, што колькасць знойдзеных і сканфіскаваных наркотыкаў не змянілася. Наркагандаль працягвае квітнець, нягледзячы на жорсткае пакаранне. Анастасія лічыць, што асноўны ўдар прыйшоўся не па наркасіндыкатах, а па спажыўцах і дробных распаўсюдніках.

Ахвяры хуткіх грошай

Разлік заканадаўцаў быў на тое, што наркаспажыўцы і наркагандляры спалохаюцца жорсткага заканадаўства, і наркаабарот у Беларусі спыніцца. Праз больш як чатыры гады пасля падпісання дэкрэту буйныя наркасіндыкаты як працавалі праз інтэрнэт, так і працуюць.

На папулярныя месенджары беларусаў і сёння рэгулярна прыходзяць аб’явы з прапановамі стаць нарказакладвальнікам. Такую прапанову атрымаў мянчук Віталь Любянчук. За працу наркакур’ерам яму прапанавалі шалёныя грошы – 800 долараў за тыдзень!

Абвесткі з прапановаю небяспечнай працы сталі з’яўляцца проста на вуліцах сталіцы.

«Трафарэтчыкаў, якія распаўсюджвалі гэтыя надпісы, затрымалі. Ім прызначылі штрафы за распаўсюд незаконнай рэкламы», – распавядае Анастасія Бойка.

Журналістка мяркуе, што міліцыя папросту не ведае, як выйсці на ўладальнікаў гэтых Telegram-каналаў.

«Усе гэтыя Telegram-каналы, людзі, з якімі я перапісвалася, прапаноўвалі заробак у расейскіх рублях. Можна, канечне, зрабіць высновы», – адзначае Анастасія.

Усіх пад адзін грэбень

Вернемся да заканадаўства. Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакаранне да 25 гадоў у залежнасці ад часткі, а іх – пяць. Самае лагоднае пакаранне чакае спажыўцоў, яны могуць атрымаць абмежаванне волі да пяці гадоў ці пазбаўленне волі ад двух да пяці гадоў.

Але ж на практыцы спажывец можа хутка зрабіцца распаўсюднікам – і атрымаць больш жорсткі тэрмін.

«Збіраюцца, напрыклад, сябры на кватэры, ужываюць псіхаактыўныя рэчывы. Адзін перадаў іншаму: натуральна, гэта было спажыванне, але згодна з нашым заканадаўствам ён ужо лічыцца распаўсюднікам», – прыводзіць прыклад юрыст Стас Шашок.

Юрыст звяртае ўвагу на яшчэ адну хібу нашага антынаркатычнага заканадаўства – няма панятку «нязначная колькасць». У Расеі для кожнага псіхаактыўнага рэчыва ўсталяваная свая мяжа «нязначнай колькасці». Для марыхуаны – 6 г. Калі чалавека зловяць з нязначнай колькасцю наркотыку, то яму пагражае выключна адміністратыўнае пакаранне. У Беларусі такога няма, то бок нават за 1 г марыхуаны прадугледжаная крымінальная адказнасць.

«Трэба зноў жа разумець, якая колькасць рэчыва, што за рэчыва, якую патэнцыяльную шкоду гэты закладвальнік можа нанесці патэнцыяльнаму спажыўцу», – адзначае Стас Шашок.

Аб’ектыў
Кожны 15-ты асуджаны летась сядзіць за наркотыкі
2018.05.02 21:26

Стас звяртае ўвагу на неабходнасць інфармацыйнай працы з грамадствам. Ён упэўнены, што людзям трэба тлумачыць, што псіхаактыўныя рэчывы бываюць розныя, і іх уплыў на арганізм чалавека – таксама розны.

«Наркотыкі – гэта наркотыкі. І не трэба іх дзяліць. Ад гэтага паміраюць людзі!» – упэўнены Леанід Мухля, які супрацоўнічае з грамадскім аб’яднаннем «Маці супраць наркотыкаў».

Медыцына ўсё ж такі мае сваю градацыю псіхаактыўных рэчываў.

«Ёсць дакладныя ступені адыктагеннасці рэчыва. Ступень уздзеяння на псіхіку і ступень уздзеяння на паводзіны чалавека, на змяненне свядомасці. Тое, што людзі называюць лёгкімі наркотыкамі, – мае нізкую ступень адыктагеннасці, эфект канчаецца хутка, яны не выклікаюць цяжкага разладу свядомасці, парушэнняў успрыняцця і ўсяго астатняга», – сцвярджае псіхіятр-нарколаг Кірыл Жаранкоў.

Сядзяць пераважна «стрэлачнікі»

Часта мы чуем навіны, што затрымалі чарговага закладальніка ці спажыўца. А вось справы, калі садзяць буйных распаўсюднікаў, вельмі рэдкія. Самы гучны працэс апошніх гадоў – «справа сямнаццаці».

У 2016 годзе вынеслі прысуды арганізатарам буйной інтэрнэт-крамы для продажу наркотыкаў. Арганізатар, Канстанцін Вілюга, атрымаў 19 гадоў пазбаўлення волі. У тым ліку тэрміны далі траім супрацоўнікам праваахоўных органаў. Яны атрымалі па 14–15 гадоў.

Не прайшло і года, як з абвінавачання выключылі шэраг эпізодаў пра наркотыкі і змянілі прысуд. Паводле рашэння Вярхоўнага Суда, былы працаўнік КДБ Дзмітрый Вераценскі мусіць адсядзець 9 гадоў замест 15, ягоны кадэбэшны калега Ігар Карыцкі ды былы міліцыянт Канстанцін Дзянісевіч8 гадоў замест 14. У студзені Карыцкага ўжо заўважылі на волі, у родным Берасці, нягледзячы на тое, што адсядзеў ён толькі 4 гады. Ёсць звесткі, што на волі – яшчэ адзін фігурант справы.

Аб’ектыў
Суд змякчыў выракі наркамафіі з КДБ
2017.06.06 21:59

Затое працягвае сядзець яшчэ адна фігурантка той гучнай справы: Ірына Семяняка, якой прысудзілі 16 гадоў пазбаўлення волі. Маці Ірыны Галіна лічыць сваю дачку невінаватай.

«Яна вінаватая толькі ў тым, што яна сустракалася з Вілюгам», – кажа Галіна Семяняка.

Маці кажа, што следчыя нічога не «накапалі» на дзяўчыну і не разумее, адкуль такі буйны тэрмін.

«Усе адвакаты былі ў шоку, усе абураліся ў голас, што яе павінныя былі выпусціць наўпрост з клеткі», – узгадвае Галіна.

Галіна сцвярджае, што следчыя прымушалі Ірыну даць паказанні супраць фігурантаў справы.

«Яе дагэтуль у калоніі прэсуюць аператыўнікі, каб яна пачала супрацоўнічаць», – сцвярджае Галіна.

Заканадаўства трэба зноў мяняць?

У размове з нашымі журналістамі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Чэкан паведаміў, з пэўнаю доляй верагоднасці, што ўжо сёлета ўвесну ў парламенце будуць разглядацца папраўкі ў закон, якія датычаць артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу.

«Адзіная папраўка – гэта зніжэнне ніжняй планкі тэрміну паводле часткі другой і трэцяй усяго толькі на два гады», – распавядае старшыня Руху маці 328 Ларыса Жыгар.

Ларыса лічыць, што гэтыя папраўкі не зменяць сітуацыі. На ейную думку, абавязкова трэба ўводзіць такія паняткі, як «нязначны», «буйны» і «асабліва буйны» памер, каб за 1 г больш не саджалі ў турму.

Больш пра сітуацыю з наркотыкамі ў Беларусі глядзіце ў прэмʼерным выданні ток-шоу «Кожны з нас» (відэа вышэй).

Ток-шоу «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і на нашай старонцы. Падпісвайцеся на YouTube-канал «Кожны з нас».

Стужка навінаў