«Нармальная ратацыя кадраў». Арменія мяняе пасла ў Менску


У сераду прэзідэнт Арменіі Армэн Саргсьян вызваліў з пасады амбасадара ў Беларусі Алега Есаяна. Новым амбасадарам стане дарадца міністра замежных справаў Армэн Гевандзян.

На думку эксперта Армянскага цэнтру палітычных і міжнародных даследаванняў Рубена Меграбяна, змена адбылася ў рэжыме нармальнай ратацыі кадраў.

«Армэн Гевандзян – са старых кадраў, у МЗС ён займаўся краінамі СНД, – кажа «Белсату» Меграбян. – На мой погляд, улады прыйшлі да высновы, што як дасведчаны адміністратар ён будзе выконваць гэтую працу лепш, што будзе лепш вырашаць вонкавапалітычныя задачы Арменіі ў новых умовах, якія склаліся пасля рэвалюцыі».

Прэзідэнт Арменіі Армэн Саргсьян размаўляе з лідарам апазіцыі Ніколам Пашыньянам падчас красавіцкіх пратэстаў. Фота – Vahram Baghdasaryan/Photolure/Reuters/Forum

Алег Есаян выконваў абавязкі амбасадара Беларусі з сакавіка 2017 года. Да гэтага ён быў амбасадарам Арменіі ў Расеі. А перад гэтым – таксама служыў у Беларусі, у 2006–2010 гадах.

«Алег Есаян – прызначэнец папярэдняй улады, – працягвае Меграбян. – Ён дапусціў сур’ёзныя пралікі, калі быў амбасадарам Арменіі ў Расеі, не адрэагаваў у некалькіх выпадках, калі рэакцыя была неабходнай. Ён ніколі не вылучаўся актыўнасцю, а, скажам прама, прасіджваў пасаду».

Армэн Гевандзян стане таксама паўнамоцным прадстаўніком Арменіі пры ўстаўных органах Садружнасці Незалежных Дзяржаваў. Штаб-кватэра СНД знаходзіцца ў Менску, і трымаць у беларускай сталіцы дзвюх буйных дыпламатаў Арменія не мае патрэбы.

«Традыцыйна на амбасадара ў Беларусі ўскладаліся абавязкі прадстаўляць краіну ў органах СНД на сталай аснове, – дадае Рубэн Меграбян. – Арменія – краіна маленькая, спалучэнне гэтых пасадаў – лагічнае».

ДД

Стужка навінаў