Дзяржаўныя тэлеканалы 19 ліпеня паказалі ўрыўкі заяваў дзейнага кіраўніка Беларусі, падчас наведвання ім 16 ліпеня 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады.
Гэтак, на кадрах «Беларусь 1» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў справе былога старшыні «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі, які быў затрыманы пасля таго, як высунуўся ў прэзідэнты, «няма ніякай палітычнай замовы».
«Няма ніякага страху і небяспекі ў іх. Але злодзей павінен сядзець у турме. Да ўсіх аднолькавае стаўленне. Яшчэ раз хачу падкрэсліць тое, што я сказаў на Віцебшчыне ў Полацку, і цяпер паўтару: вязнем сумлення з іх ніхто не стане – усе гэтыя сядзельцы, а іх там ужо пад 30 чалавек. Усе даюць паказанні. І гэты ўжо зарыдаў. Калі не зарэгістравалі, зарыдаў і пачаў паказанні даваць. Таму вязнямі сумлення не будуць», – сказаў кіраўнік краіны.
Ён таксама паведаміў, што загадаў падрыхтаваць усе матэрыялы для таго, «каб сюды прыбылі спецыялісты Інтэрпола, ЗША, Польшчы і Расеі». Паводле яго, яны змогуць самі ўбачыць і разабрацца, ці баіцца ён кагосьці ці ж у дзеяннях згаданых асобаў сапраўды ёсць крымінальнае злачынства.
А ў эфіры тэлеканалу ОНТ Лукашэнка заявіў пра падобныя дэталі падчас пратэстаў на выбарах 2010 і 2020 гадоў.
«Узгадайце 2010 год. І тады як раз усё пачыналася для таго, каб нас паставіць на калені. Увялі санкцыі, нахілялі. Не атрымліваецца… І тады на чарговых прэзідэнцкіх выбарах вырашылі паставіць на калені, арганізаваўшы гэтую банду, і кінуўшы на Дом ураду», – сказаў ён.
Паводле яго, там было «400 чалавек агрэсіўных баевікоў, якіх мы ведалі па прозвішчах», «яшчэ 400, якія маглі там варушыцца», і разявакі-шмаркулі, «якіх аддавалі пад распіску маці».
Дзейны кіраўнік адзначыў, што цяперашняя сітуацыя ў нечым падобная на тую.
МГ belsat.eu