«Гэты год быў неадназначны»: Лукашэнка жорстка «падыскутаваў» з Пуціным пра кошты на энерганосьбіты

ВІДЭА

Падчас адкрыцця паседжання Вышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады ў Санкт-Пецярбурзе кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін «падыскутавалі» пра кошты на энерганосьбіты, піша belta.by.

«Сёння мы падводзім вынікі агульнай працы ў фармаце саюзу за гэты год і вызначаем арыенціры ўзаемадзеяння на наступны. Гэты год быў досыць неадназначным як з палітычнага, так і з эканамічнага пункту гледжання», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка прапанаваў не рабіць з ЕАЭС прастору «нацыянальнага пратэкцыянізму»

Менск прыгразіў Крамлю выхадам з Еўразійскага эканамічнага саюзу

Сярод пазітыўных дасягненняў ЕАЭС у 2018 годзе кіраўнік Беларусі назваў уступленне ў сілу Дамовы аб Мытным кодэксе. Але раскрытыкаваў цэнаўтварэнне на газ для Беларусі.

«Тарыф, які выкарыстоўвае «Газпром» для беларускага боку на транспартаванне газу з Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі да нашай мяжы, складае амаль $ 3 за 1 тыс. куб. м на 100 км, у той час як унутрырасейскі тарыф – каля $ 1».

З улікам гэтых абставінаў газ на мяжы са Смаленскай вобласцю абыходзіцца Беларусі амаль $ 130 за 1 тыс. куб. м, а вызначаная аптовая цана для спажыўцоў у Смаленскай вобласці Расеі – $ 70.

«Простае пытанне: як канкураваць у гэтай сітуацыі?» – спытаў кіраўнік Беларусі.

«Дзякуй вялікі, паважаны Аляксандр Рыгоравіч. Калі прэса сыдзе, мы падыскутуем. Не магу не зрабіць адну заўвагу з нагоды тарыфаў на газ. У нас выпрацаваны план да 2025 года, калі мы мусім узгадніць адзіныя рынкі нафты, нафтапрадуктаў і газу. Адносна сённяшняй сітуацыі. Важны не тарыф, а канчатковы кошт газу, у які ўключаецца гэты тарыф. Тут вы маеце рацыю. Трэба, вядома, пра гэта думаць», – сказаў Пуцін.

Прэзідэнт Расеі прывёў звесткі, паводле якіх кошт газу для Беларусі за тысячу кубічных метраў складае $ 129, а ў наступным годзе будзе $ 127.

«А ў ФРГ $ 250. І гэта, безумоўна, вялікая перавага для нашых саюзнікаў», – сказаў Уладзімір Пуцін.

«Але наш галоўны партнёр, на жаль ці на шчасце, не ФРГ, а Расейская Федэрацыя. І нашы асноўныя не толькі партнёры, але і канкурэнты – гэта расейцы», – парыраваў Лукашэнка.

Падчас паседжання кіраўнік Расеі анансаваў стварэнне «агульнага рынку» энергарэсурсаў. «Падрыхтаваныя праекты важных рашэнняў – аб стварэнні агульных рынкаў нафты, нафтапрадуктаў, газу. Паводле ацэнак экспертаў, ажыццяўленне гэтых планаў дасць прыбаўку да ВУП нашых краінаў да $ 9 млрд», – сказаў Пуцін.

6 снежня дзяржавы – чальцы саюзу падпісалі часовае пагадненне, якое вядзе да стварэння зоны свабоднага гандлю з Іранам, і пагадненне аб гандлёва-эканамічнай супрацы з Кітаем.

«Беларусь разлічвае, што нормы, замацаваныя ў гэтых дакументах, будуць рэалізаваныя ў поўнай меры. Кожны з іх прымаўся з зачынам на будучыню і з разлікам на значны эканамічны эфект», – заявіў кіраўнік нашай дзяржавы.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары