Удзельнікі акцыі пратэсту супраць нерэгістравання апазіцыйных кандыдатаў на выбарах у Маскоўскую гарадскую думу прарвалі паліцэйскі ланцуг каля гарадскога выбаркаму.
«Вось так аднойчы ўся гэтая ўлада разарвецца і паваліцца, як паліцэйскі ланцуг сёння. Трэба проста верыць у свае сілы і памятаць, што нас мільёны, а ў іх – толькі пара дзясяткаў тысяч паліцэйскіх (якія ў большасці сваёй таемна за нас)», – адзначыў у сваім «Facebook’у» апазіцыйны палітык Аляксей Навальны.
Як паведамляе Бі-Бі-Сі, мітынгоўцы патрабавалі сустрэчы з кіраўніком Маскоўскага выбаркаму, скандавалі «Даеш сумленныя выбары!», «Мы не сыдзем!», «Пуціна ў адстаўку!», «Расея без Пуціна!».
Частка пратэстоўцаў зладзіла сядзячую забастоўку ля ўваходу ў выбаркам, які ахоўваюць паліцэйскія. Агулам лік удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі перавышае 1000 чалавек. На месцы пратэстаў заўважаныя аўтазакі.
МГ belsat.eu