Гэтага чакалі беларускія літаратары. Пераклад польскай кнігі па тэорыі літаратуры выходзіць па-беларуску


Беларускія гуманітарыі паціраюць далоні ў чаканні свежага чытання. Кніжка «Тэорыі літаратуры ХХ стагоддзя» польскіх аўтараў выходзіць на беларускай мове. Кніга стане выратаваннем для студэнтаў і выкладчыкаў, бо адчыняе доступ да сучаснага аналізу і новых гуманітарных падыходаў.

Выданне на 600 старонак увабрала ў сябе сусветныя тэорыі і аналіз літаратуры мінулага стагоддзя. У беларускай акадэмічнай супольнасці такой кніжкі яшчэ не было. Польскія аўтары Анна Бужыньска і Міхал Павел Маркоўскі ў адной кнізе сабралі найважнейшае, што адбывалася ў гуманітарных навуках у 20-м стагоддзі ад тэорыі псіхааналізу да канцэпцыі посткаланіялізму. «Белсат» выступіў інфармацыйным партнёрам гэтага важнага праекту.

«Ёсць у нас такая праблема, яе адчуваюць філолагі студэнты і выкладчыкі, даследчыкі літаратуры і літаратары практыкі, – у нас суцэльныя прагалы ў тэорыі, у тэрміналогіі. У нас відавочны перакос інтэлектуальнай сферы, мы на 90 адсоткаў залежым ад усходніх суседзяў, ад расейскіх падручнікаў, якія могуць быць лепшымі ці горшымі, але сітуацыя зусім не гарманічная. У гэтым сэнсе кніжка, якая з’явілася, з аднаго боку, польская, а з другога – мае сусветную значнасць. Гэта вялікі збор усяго самага каштоўнага з еўрапейскіх краінаў, Амерыкі, адусюль, што мы можам старамодна назваць цэнтрам гуманітарных ведаў», – кажа Андрэй Хадановіч, паэт і перакладчык, адзін з натхняльнікаў выхаду кнігі.

Удзельнікі абмеркавання ў Прэс-клубе: Аляксей Братачкін, Вольга Шпарага, Вольга Раманава, Таццяна Нядбай, Андрэй Хадановіч.

Чаму такую значнасць мае тэорыя, тым больш тэорыя літаратуры, і ці не лепш не раскідвацца словамі, а адразу пераходзіць да практыкі, пісаць, ствараць? На гэтую тэму сабраліся паразважаць прадстаўнікі беларускіх гуманітарных ведаў – гісторыі, філасофіі, кінематаграфіі. Вынікае, што менавіта ад разумення тэорыі залежыць якасць практыкі, а ад выбару канкрэтных тэорыяў залежыць спосаб мыслення і спосаб дзеяння.

«Ад таго, да якіх тэорыяў мы звяртаемся, якія тэорыі мы выкарыстоўваем і як мы іх звязваем адну з адной, залежыць тое, як мы будзем бачыць нашае грамадства. Напрыклад, калі мы вызначаем людзей праз тэорыю эгаізму, то гэта будзе адна мадэль грамадства, а калі мы разглядаем людзей праз тэорыю эмпатыі, то мы будзем шукаць у грамадстве рэсурсы да эмпатыі», – кажа Вольга Шпарага, філосаф і выкладчыца Еўрапейскага коледжу ліберальных навук (ECLAB) у Беларусі.

На абмеркаванні ў Прэс-клубе сабраліся прадстаўнікі гуманітарных ведаў Беларусі, журналісты, перакладчыкі

Менавітае дзякуючы тэорыям ствараюцца новыя грамадскія інстытуты, развіваецца грамадская думка, супольнасці і далей – краіна, нацыі. Выхаваныя на марксізме, прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці Беларусі ўбачаць 20-е стагоддзе з іншага боку, дзякуючы перакладу кнігі польскіх аўтараў.

«Адкуль гэтыя тэорыі прыйшлі, як яны ўпісваюцца ў мясцовы культурны кантэкст. Я думаю, што ўсе, хто будуць чытаць гэтую кнігу, будуць пра гэта думаць, асабліва тыя, хто выхаваны ў вызначанай культурнай традыцыі. Гэта вельмі накладаецца на ўспрыманне», – кажа Аляксей Братачкін, гісторык і аўтар інтэрнэт-часопіса «Новая Еўропа», выкладчык ECLAB у Беларусі.

Абмеркаванне ў Прэс-клубе з нагоды выхаду кнігі «Тэорыі літаратуры 20 стагоддзя»

Кніжка «Тэорыі літаратуры ХХ стагоддзя» цікавая не толькі для літаратараў, але агулам для прадстаўнікоў усіх гуманітарных ведаў. Канцэпты, якія разглядаюцца ў кнізе, тычацца гісторыі, філасофіі, культуразнаўства. Польскія аўтары першапачаткова ставілі мэтай зрабіць кнігу празрыстай, лёгкай, даступнай для чытання спецыялістам розных галін, не толькі філолагам.

На дыскусіі, прысвечанай выданню кнігі «Тэорыі літаратуры 20 стагоддзя» у Прэс-клубе

Тэкст кнігі перакладалі з польскай мовы чатыры перакладчыцы – Марына Шода, Святлана Рогач, Марыя Пушкіна, Таццяна Нядбай. Рэдагаваў выданне Лявон Баршчэўскі.

Лявон Баршчэўскі – рэдактар перакладу кнігі «Тэорыі літаратуры 20 стагоддзя»

«Было складана, але я лічу, што мы зрабілі памяркоўную, залатую сярэдзіну, знайшлі адпаведнікі ў тэрміналогіі, пастараліся дайсці да адзінага разумення. Я абсалютна перакананы, што нехта знойдзе памылкі або недахопы, бо гэта была велізарная, насычаная праца, над кожным сказам трэба было думаць. Але гэтае выданне – выдатнейшы штуршок, не толькі для перакладчыкаў. Якую першую кніжку павінны цяпер чытаць аспіранты? Вядома, вось гэтую. Яна задае сістэму, скелет. Без гэтага проста немагчыма», – кажа Лявон Баршчэўскі.

Афіцыйная прэзентацыя кнігі адбудзецца а 19-й гадзіне ў чацвер, 23-га лістапада, у будынку канцэртнай залі «Менск», аўдыторыя 102.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў