«Гэта загад: вы ўдваіх едзеце ў Магілёўскую вобласць». Лукашэнка знайшоў новую працу для Русага і Зайца


Леанід Заяц, які да нядаўняга часу займаў пасаду міністра сельскай гаспадаркі, прызначаны старшынёй Магілёўскага аблвыканкаму. Былога віцэ-прэм’ера Міхаіл Русы прызначылі памочнікам прэзідэнта – інспектарам па Магілёўскай вобласці.

Адпаведныя рашэнні сёння прыняў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе ягоная прэс-служба.

«Гэта загад: вы ўдваіх едзеце ў Магілёўскую вобласць, навядзіце там жалезны парадак і дакладзяце мне. Я буду ў вас кожны месяц у Магілёўскай вобласці. Чым змагу, тым дапамагу. Але перш за ўсё вы там пасееце, як ​​трэба, па тэхналогіі. І на працягу месяца, калі вам трэба перавесці Магілёўшчыну на ваеннае становішча, як цяпер у «Купалаўскім», перавядзіце».

Самае галоўнае, што запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка, – арганізаваць працу ў сельскай гаспадарцы па тэхналогіі.

«Вы як грамадзяне Беларусі мой загад павінны выканаць. Выкарыстоўвайце любыя законныя метады, любы законны сродак, каб там навесці парадак і даказаць, што вы тэхналагічныя і сапраўдныя мужыкі», – рэзюмаваў ён.

Лукашэнка таксама патлумачыў, што адправіў у адстаўку Русага і Зайца з мінулых пасадаў, бо яны неслі персанальную адказнасць за тое, што адбываецца ў сельскае гаспадарцы. «І я папрасіў бы вас яшчэ раз, каб вы не думалі, што гэта нейкі экспромт з-за нейкай фермы ў Сліж», – дадаў ён.

Нагадаем, 26 сакавіка падчас працоўнага візіту ў Магілёўскую вобласць Аляксандр Лукашэнка наведаў малочнатаварны комплекс у Шклоўскім раёне, дзе моцна абурыўся ўмовамі, у якіх утрымліваецца каровы.

У выніку ён зладзіў кадравы разнос. Старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Уладзімір Даманеўскі адхілены ад пасады, прадстаўнік прэзідэнта на Магілёўшчыне Генадзь Лаўранкоў паніжаны ў пасадзе і зойме месца старшыні Шклоўскага райвыканкаму. Часовым выканальнікам абавязкаў старшыні Магілёўскага аблвыканкаму прызначаны Мікалай Кароцін, які быў першым намеснікам Даманеўскага. Экс-старшыня Шклоўскага райвыканкаму Васіль Віцюнаў зойме пасаду кіраўніка аграхолдынгу «Купалаўскае».

На наступны дзень, 27 сакавіка, Лукашэнка таксама звольніў віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца.

Hавiны
Хто вінаваты ў правале Даманеўскага і якой была роля памочніка Лукашэнкі? Тлумачыць эксперт
2019.03.27 14:24

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў