«Гэта выглядае як кадэбэшнае паскудства». Апазіцыйныя палітыкі каментуюць адкрыццё рэстарацыі ля Курапатаў




Беларускія апазіцыйныя палітыкі збіраюцца не дапусціць адкрыцця рэстарацыі «Паедзем, паядзім» каля ўрочышча Курапаты, дзе ў сталінскія часы астрэльвалі людзей.

Як стала вядома «Радыё Свабода», у пятніцу, 1 чэрвеня, у 50 метрах ад урочышча адкрыюць рэстарацыю «Паедзем, паядзім». Комплекс будынкаў раней называўся «Бульбаш-хол», ён належыць кампаніі «БелРэстІнвест». Цяпер там ужо ідзе падрыхтоўка да імпрэзы. У залі гатовы інтэр’ер, расстаўленая мэбля, вісіць рэкламны банэр гарэлкі «Бульбаш». Рэстарацыя прадугледжвае 300 пасадачных месцаў. Да восені плануецца адчыніць яшчэ і лазню.

У Менрайвыканкаме журналістам пацвердзілі, што рэстарацыя ўключаная ў гандлёвы рэестр, аформіла ўсе дакументы.

Дырэктар «БелРэстІнвесту» Андрэй Ярмоленкаў яшчэ ў снежні 2017 году паведаміў «Белсату», што зʼяўляецца ўласнікам «аб’екта на 51-м кіламетры», які ён здае ў арэнду прадпрыемству ТАА «Анісбел». Кіраўніца «Анісбела» запярэчыла: яе прадпрыемства валодае толькі маленькім барам і крамай садавіны ў Менску, пра аб’ект на МКАД яна нічога не чула.

Калі кампанія «Белрэканструкцыя» у лютым мінулага году збіралася пабудаваць у непасрэднай блізкасці ад Курапатаў бізнес-цэнтр, грамадства абурылася і зладзіла двухтыднёвую абарону. Людзі ночылі ў намётах, кідаліся пад будаўнічую тэхніку, сварыліся з будаўнікамі. У выніку пратэстоўцы перамаглі, працы былі спыненыя.

Дашкевіч падчас абароны Курапатаў у лютым-2017, фота Белсат
Сяргей Пальчэўскі, паклаўся пад колы грузавіка будаўнікоў і прыкаваў сябе кайданкамі да бампера.

Мы пацікавіліся ў некаторых лідараў гэтага пратэсту, ці плануецца сёлета абарона Курапатаў 2.0.

Зміцер Дашкевіч:

«Пакуль у нас такой інфармацыі няма, не магу нічога сказаць… Калі звярнуцца па каментар? Я думаю, ніколі. Тут трэба альбо каментары даваць, альбо рабіць. Можаце запытаць у КХП-БНФ ці іншых маладафронтаўцаў. Ц мяне каментара не будзе на гэтую тэму цяпер».

Павел Севярынец:

«Мы плануем сабрацца ў сераду, каб абмеркаваць план дзеянняў. Запросім усіх актывістаў, якія летась бралі ўдзел у абароне. Думаю, да вечара серады ў нас будзе план, а, магчыма, нават абвестка.

На мой погляд, ніякія рэстарацыі побач з Курапатамі немагчымыя, там мусіць быць мемарыял, а вакол – пустая прастора. 3 чэрвеня спаўняецца 30 гадоў »адкрыццю« Курапатаў (маецца на ўвазе мітынг на чале з Зянонам Пазняком у 1988 годзе, – рэд.), таму адкрыццё бліжэй да гэтай даты выглядае надта правакацыйна, проста як КДБшнае паскудства».

Аляксей Янукевіч:

«У нас цяпер адбываецца паседжанне палітычнай камісіі партыі БНФ, уздымаем і пытанне па Курапатах. Калі »Бульбаш-хол« толькі пачыналі будаваць, у нас была выразная пазіцыя: размяшчэння забаўляльнага абʼекту на месцы масавага знішчэння невінаватых беларусаў быць не павінна.

Падаецца, знайшліся новыя бізнесоўцы, не да канца ў курсе сітуацыі… Спадзяюся, за гэты кароткі час нам усё ж удасца мабілізаваць грамадства».

Belsat.eu будзе сачыць за развіццём падзей вакол адкрыцця рэстарацыі ля Курапатаў.

Стужка навінаў