«Гэта цуд, што я не сышоў крывёю». Менчукі распавялі пра збіццё падчас пратэстаў


З «Белсатам» звязаліся два хлопцы, якіх моцна збілі падчас вулічных акцыяў. Яны распавялі пра акалічнасці іхнага брутальнага затрымання.

Скардзіцца не будзе

Яўген уначы з 9 на 10 жніўня шпацыраваў у Менску па вуліцы Кальварыйскай каля ст.м. Маладзёжная. Ён прыгадвае, што пратэстоўцы ішлі па мосце, а ў момант, калі яны былі пасярэдзіне, пад’ехала некалькі мікрааўтобусаў з людзьмі ў чорным.

«Усе пачалі разбягацца, аднак унізе нас ужо чакалі з дубінкамі і стрэльбаю. Пад нагамі пачалі выбухаць гранаты. АМАП і міліцыя крычалі, каб усе ляглі на падлогу. Я паспрабаваў пераскочыць праз плот. Калі пералазіў, адчуў, што мяне схапілі за плячо. Азірнуўся, а ззаду няма нікога. У той момант не зразумеў, што адбылося і пабег далей. Толькі калі ўдалося схавацца то пабачыў, што з рукі цячэ кроў», – распавядае хлопец.

След ад кулі.
Фота: архіў героя

Ён зрабіў з падручных сродкаў перавязкіу і выклікаў хуткую. Зараз ён знаходзіцца ў лякарні.

«Костку не пашкодзіла, нервы не закранула, агулам усё вельмі добра… Толькі мяккія тканіны пашкоджаныя. Рука не моцна баліць».

Аніякіх скаргаў пісаць ён не будзе – баіцца пераследу з боку сілавікоў.

«Яны і так прыходзілі і фатаграфавалі мяне, калі я быў пад наркозам», – гаворыць хлопец.

Цудам выжыў

Кірыл [імя змененае на просьбу героя – belsat.eu] атрымаў раненне 10 жніўня на Камароўскім рынку. Яго ў ягадзіцу падстрэліў АМАП.

«Яны наляцелі перад плошчаю на рынку, усіх заціснулі і пачалі біць. Я ўцякаў і мне амаль што ва ўпор стрэлілі са спіны».

Пасля ранення Кірыла збілі з ног і адвялі ў аўтобус, дзе далей збівалі. Потым – аўтазак і вандроўка да РАУСу. Там хлопца змусілі доўга стаяць на каленях і пераядычна білі.

«Калі я адчуў, што не магу болей стаяць і я адчуў, што ў мяне цячэ кроў, я папрасіўся легчы на жывот. Маўляў, кроў ідзе», – апісвае Кірыл.

След ад удараў дубінкаю.
Фота: архіў героя

Хлопец, як яму потым сказалі дактары, атрымаў агнястрэльнае ранне сярэдняй цяжкасці. Стралялі ў Кірыла гумаваю куляю памерам з палову далоні.

«Дактары мне сказалі, што гэта бадай выпадковасць, што я не сышоў крывёю і не памёр».

У шпіталі Кірыл прабудзе яшчэ каля тыдня. Ён кажа, што некаторыя медсёстры вельмі любяць называць скалечаных людзей «дэбіламі» і «баевікамі». Аднак іншыя наадварот кажуць, што яны малайцы.

Скардзіцца на сілавікоў ён таксама не будзе – баіцца, што яго прыцягнуць да адказнасці.

  • 9 жніўня ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Паводле афіцыйных звестак, на іх перамог Аляксандр Лукашэнка з вынікам 80 %.
  • Афіцыйныя вінікі выклікалі моцную хвалю пратэстаў па ўсёй краіне, якія цягнуцца ўжо чацвёртыя содні.
  • На загад улады сілавікі актыўна ўжываюць сілу: яны расстрэльваюць натоўпы гумовымі кулямі, ужываюць газ і светашумавыя гранаты. Сотні людзей атрымалі раненні, тысячы былі затрыманыя.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў