Гэта трэба бачыць: у Менску зладзілі кастынг, каб знайсці жонак


Каб знайсці жонак для герояў фільму «Мужчыны нарасхват», беларускія рэжысёркі Кацярына Маркавец і Ганна Грышко зладзілі кастынг сярод жанчын. Што з гэтага атрымалася, глядзіце ў кінастужцы (відэа вышэй), а мы распытваем яе аўтарак, як ім прыйшла такая ідэя.

– Чаму вырашылі ўзяцца за гэту тэму?

– Гэта не першы фільм пра адносіны мужчын і жанчын, які мы зрабілі. Сёлета ў студзені адбылася прэм’ера рэпартажу «Таццянін дзень» пра беларусак, дзвюх Таццян, якія прагнуць знайсці жаніхоў. Гэта былі нашыя знаёмыя, і мы адчулі, што вельмі хочам папрацаваць над гэтай тэмай, а можа, і чымсьці дапамагчы Таццянам.

Тады прыдумалі запісаць кароткае відэа і паклікаць свабодных мужчын узяць удзел у кастынгу. Нам было цікава, ці хтосьці прыйдзе. А калі так, то ці спадабаюцца нашым гераіням. Было цікава паразважаць разам з удзельнікамі кастынгу пра тое, што патрэбна мужчынам ад адносінаў, а што – жанчынам. Можна сказаць, нас захапіў гэты працэс і мы зразумелі, што гэта не проста «кастынг», а сапраўдны сацыяльны эксперымент.

Пасля эфіру на тэлеканале «Белсат» і паказу рэпартажу ў сацыяльных сетках мы атрымалі цікавыя водгукі ад гледачоў і зразумелі, што тэма адносінаў вельмі цікавіць беларусаў. Нас нават прасілі: «А пакажыце больш дэталёва, як пасля кастынгу людзі выбіраюць адзін аднога, што кажуць, на што звяртаюць увагу». Таму мы вырашылі зрабіць так званую «мужчынскую версію» праекту, падчас першых крокаў працы над тэмай прыйшла назва: «Мужчыны нарасхват».

І ў гэтым фільме мы аддалі кастынгу больш важнае месца, паглыбілі сэнс гэтай сцэны. Бо гэта не проста жанчыны, якія прыехалі пакрасавацца, у кожнай з іх – свая драма і свой шлях да шчасця.

Мы зразумелі, што сцэна, калі на адной пляцоўцы збіраюцца жанчыны рознага ўзросту і ладу жыцця, вельмі пашырае тэму і ператварае фільм з камедыі ў сацыяльна важную стужку.

Адзін з галоўных герояў фільму «Мужчыны нарасхват» Уладзімір (злева) з рэжысёркаю Кацярынай Маркавец падчас здымкаў. Фота прадстаўлена Ганнай Грышко і Кацярынай Маркавец

– Чаму выбралі менавіта Юрыя і Уладзіміра?

– Гэтым разам таксама атрымалася так, што з галоўнымі героямі фільму мы былі знаёмыя асабіста. Ёсць яшчэ спецыфіка, калі здымаеш менавіта двух герояў. Іх гісторыі мусяць быць рознымі, але добра глядзецца разам. Нам спатрэбіліся два тыдні, каб знайсці сваіх герояў і зразумець: Юрый і Уладзімір – тыя, пра каго нам цікава здымаць фільм.

– Бывае так, што чалавек згаджаецца на здымкі, а пасля пачынае шкадаваць пра гэта. А вы падтрымліваеце сувязь з героямі пасля таго, як фільм пайшоў у эфір?

– Пасля таго, як мы прапанавалі Уладзіміру стаць героем фільму, ён тыдзень не адказваў ні на якія паведамленні. Ужо потым патлумачыў: проста быў у шоку. А пасля нечакана для ўсіх згадзіўся. Для мужчын гэта добрая падстава зрабіць крок наперад да тэмы, якая хвалюе. Думаем, менавіта таму абраныя намі героі пагадзіліся.

І для Юрыя, і для Уладзіміра, гэта была добрая магчымасць прапрацаваць тэму адносінаў з жанчынамі, паглядзець на сябе з боку ды адчуць, што – галоўнае, а што – штучнае. Нам цікава, што адбываецца з нашымі героямі цяпер, таму мы падтрымліваем з імі сувязь.

Кастынг падчас здымак фільму «Мужчыны нарасхват». Фота Максіма Шведа

– Ці на вашу думку, фільм адлюстроўвае сітуацыю ў беларускім грамадстве?

– Мы вельмі хацелі, каб фільм адлюстроўваў сітуацыю ў нашай краіне і быў актуальным, спадзяемся, што нам гэта ўдалося. Але, з іншага боку, не хацелі перагружаць яго «сацыяльнымі праблемамі», бо такога прадукту на нашым тэлеканале шмат. Хацелі, каб было над чым падумаць пасля прагляду, але каб фільм быў лёгкі ды іранічны.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі жыве 5 млн жанчын і 4,4 млн мужчын. І меркаванне, што на добрага мужчыну – шмат жадаючых, распаўсюджанае. Нам складана сказаць, як выправіць сітуацыю, бо нашая праца – паказаць гэтыя праблемы і даць героям магчымасць падзяліцца, тым, што турбуе, з грамадствам. Але, вядома, каб штосьці змяніць, трэба пачынаць з выхавання і адукацыі.

Адзін з галоўных герояў фільму «Мужчыны нарасхват» Юры (справа). Фота прадстаўлена Ганнай Грышко і Кацярынай Маркавец

– Кацярына толькі вярнулася з Мілану, дзе правяла месяц. Там таксама такі перакос?

– Я паспела сустрэцца са шматлікімі беларускамі, якія засталіся жыць у Італіі. Некаторыя з іх выйшлі замуж за італьянцаў. І яны жартуюць:

«У Беларусі аднаго хлопца абходжваюць тры беларускі, а ў Італіі ў адной беларускі як мінімум тры кавалеры-італьянцы».

Ці гэта сапраўды так, праверыць не можам: мы, рэжысёркі фільму пра пошукі кахання, абедзве замужам за беларускімі мужчынамі.

– Фільм заканчваецца даволі нечакана. Хочацца прасачыць далейшы лёс герояў. Ці будзе працяг?

– Нас вельмі цікавіць, як глядач сустрэне гэты фільм, таму просім усіх пісаць каментары пасля прагляду. Мы будзем усё чытаць ды рабіць высновы. Фільм «Мужчыны нарасхват» паўстаў толькі дзякуючы адваротнай сувязі пасля паказу «Таццянінага дня». Калі нашыя героі спадабаюцца гледачам, чаму б не пачакаць некалькі гадоў і не зрабіць працяг іхных гісторыяў?

Размаўляла Інга Астраўцова

Стужка навінаў